​​А вось вам тры добрыя вершы пра каханне.Рыгор Барадулін Як гэты свет, як і сябе, хутчэйПрыдумаў ко…

​​А вось вам тры добрыя вершы пра каханне.

Рыгор Барадулін

Як гэты свет, як і сябе, хутчэй
Прыдумаў кожны сам сваё каханне.
Адчуўшы шэпту цёмнае дыханне,
Бяссонніцу спакушаных вачэй.
Страх замятаецца завеяй вей.
Грахі замольвае замілаванне.
Бяжыць, сябе не помнячы, спатканне,
I нецярпенне цвеліць салавей.

У пагасціны запрашаюць высі.
I кожны жарсць, як у далонях жар,
Нясе, не баючыся апячыся,
Сябе растрачваючы без астатку.
Урэшце тужыць сцюжа, чахне сквар.
I можна зноў ашуквацца. Спачатку.

****

Уладзімір Караткевіч

О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.

Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною – балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп’і гарыць.

На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.

Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаванне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы.

****

Данута Бічэль-Загнетава
Лёс

Моўчкі зоры сышліся на веча,
аніякага знаку здаля.
Нам назначана, любы,
сустрэча:
век дваццаты,
планета Зямля.

Без твайго існавання —
руіна.
На высокім цярпенні згару.
Як пазнаць,
падказала краіна:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.

Мы істоты адной —
дзве паловы.
Дзе ты —
ў слоце, у стыні, цяпле?
He знайду —
увасоблюся ў словы.
Толькі словы на месцы цябе.

Урадлівую шчодрасць загона
прамяністага неба блакіт
без цябе не прымаю.
He згодна.
Без цябе
ўзнагарода —
нябыт.

****

З днём закаханых, сябры!
Жыве Беларусь!