​​У Караткевіча шмат сур’ёзных і змрочных вершаў, але не менш цудоўных замалёвак жыцця. У іх мора і …

​​У Караткевіча шмат сур’ёзных і змрочных вершаў, але не менш цудоўных замалёвак жыцця. У іх мора і горы ў далёкіх краінах, і беларускія лясы, магутны Дняпро, чоўны, летнія ночы, каханне, прага да жыцця. Няхай у дзень народзінаў будзе два верша: адзін сур’ёзны, а другі – жыццесцвярджальны

Мова
Янку Брылю

Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую Вежу Адам
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, няродную нам.
І мая безвыходна пойдзе у змрок,
У атрутны, як вечнасць, цень,
Трапяткая і сіняя, як васілёк,
Гарачая, як прамень.
Я ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сірата па з’едлівай волі багоў,
Гінучы мой карабель,
Хай не будзе світання ў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць цябе.
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне не скажа: «Братка, здароў».
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Песня, шчасце, каханне, спакой,—
Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ты мой ясны хлеб і каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі,
Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай
На душы. Ў небясі. На зямлі.

1958-1959 гг.

****

Цюляня

Хвалі ідуць за градою града.
Айсбергаў рэдкі паток,
Сіняя, быццам індзіга, вада,
Халодная, як апёк.
Цюляня не хоча цвёрдай зямлі,
Не хоча квяцістых палян.
Ільды яму замяняюць палі,
Радзіму — сівы акіян.
У пырсках бясконцых сініх валоў
Колам ходзіць малы —
З хвалі пад хвалю, на грэбень ізноў,
У сяйва сонца з імглы.
Акіян для малога пену пляце.
Той ляціць з гмаху на гмах:
Холад захоплены ў жываце,
Шчасце ў дзіцячых вачах.
І хочацца мне, як яму, да канца
Адчуваць апёкаў нажы,
У хвалях халодных даваць нырца.
Жыць!
Жыць!
Жыць!

01.02.1961 г.

Жыве Беларусь!