​​Пад Жабінкай цалкам згарэла царква Святога Міхаіла – унікальны помнік архітэктуры Палесся XVIII ст…

​​Пад Жабінкай цалкам згарэла царква Святога Міхаіла – унікальны помнік архітэктуры Палесся XVIII ст. У краіне, дзе ўсё нестандартнае і ўсё беларускае абражае пачуцці пацукоў, такое здараецца і будзе здарацца. Колькі ўжо было скрадзена, страчана, знішчана, “адрэстаўравана” за апошнія 30 гадоў!

І менавіта ў гэтай царве служыў святар-палітвязень Сяргей Разановіч. Ён быў арыштаваны разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам 1 снежня 2020 г. За тое, што далі прытулак Мікалаю Аўтуховічу, уся сям’я атрымала вялізныя тэрміны: 16, 15 і 19 гадоў. Вось так, чалавек за кратамі, а месца, дзе ён служыў Богу і людзям, знішчана.

Сапраўды старых драўляных помнікаў у свеце не так і шмат, бо пажары і войны бяруць сваё. А без пажараў і войнаў яны былі б амаль вечнымі (кажуць, самай старой драўлянай царкве недзе ў Англіі ажно 1200 гадоў!)

Але гісторыя кожнай старой царквы, не абавязкова драўлянай, – гэта гісторыя разбурэнняў і адбудоў. Пакуль царква патрэбна людзям – яна вяртаецца, можа ў крыху іншым выглядзе. Можа, ад былой яе засталіся толькі некалькі бярвён, усё астатняе – новае. Але галоўнае – вернікі і святар. Людзі зноў у царкве – яна зноў жыве.

І ў царквы Святога Міхаіла ёсць свая гісторыя адраджэнняў. Зараз яна здаецца страчанай. Але – не назаўжды. Як вярталіся, паўставалі з попелу іншыя цэрквы, як вярталася раней яна – так паўстане яна зноў. І новую-старую царкву прывітае Сяргей Разановіч. Бо яго вера не зламана, мінулая праца – не знішчана, і наперадзе шмат яшчэ працы. А парафіяне чакаюць свайго святара.

Свабоду Сяргею Разановічу!
Свабоду Любові Разановіч!
Свабоду Паўлу Разановічу!
Свабоду усім палітвязням!
Жыве Беларусь!