А вы ведалі пра беларуса, які стаў каралём Андоры? Ну то сустракайце: кароль Андоры Барыс І Барыс Ск…

А вы ведалі пра беларуса, які стаў каралём Андоры? Ну то сустракайце: кароль Андоры Барыс І

Барыс Скосыраў нарадзіўся ў 1896 годзе ў Вільні. Яго маці належала да дробнай беларускай шляхты, а бацька быў кавалерыйскім харунжым. У біяграфіі Скосырава было шмат супярэчнасцяў: ён сцвярджаў, што ў дзяцінстве сябраваў з каралём Брытаніі Эдуардам VIII, вучыўся ў Парыжы і Оксфардзе, але ніводная ўстанова не пацвердзіла яго навучанне. Падчас Першай сусветнай вайны ён служыў у брытанскай арміі, а пасля згадваўся ў прэсе за махлярства. У 1920-х ён атрымаў галандскі пашпарт і выдаваў сябе за барона, хоць яго арыстакратычны тытул, верагодна, быў ілжывым.

У 1930-х Скосыраў з’явіўся ў Андоры. У траўні 1934 года ён прапанаваў ураду Андоры свой план кіравання. Але яго высмеялі і папрасілі не ўмешвацца ў палітыку. Тут варта адзначыць, што Андора – гэта княства, якім фармальна кіруюць прэзідэнт Францыі і біскуп каталонскага горада Урхеля (абодва лічацца князямі Андоры). У рэальнасці яны хоць і лічацца найвышэйшымі кіраўнікамі, але не ўмешваюцца ў справы княства, а ўлада належыць парламенту.

Дык вось, пасля адмовы Скосыраў усё роўна пачаў выдаваць сябе за сапраўднага манарха, даваў інтэрв’ю і праводзіў афіцыйныя мерапрыемствы. Ён нават наладзіў кантакт з прэтэндэнтам на французскі трон (хаця ў Францыі тады была рэспубліка), спрабуючы атрымаць ад іх права на кіраўніцтва Андорай як суправінцыі Францыі.

Скосыраў абвясціў новую канстытуцыю Андоры, якая прадугледжвала мадэрнізацыю, падатковыя льготы і інвестыцыйную прывабнасць. Ён планаваў ператварыць Андору ў фінансавы цэнтр і прасіў прызнаць яго каралём. І гэта спрацавала! Яго падтрымала большасць Генеральнай рады – урада Андоры.

11 ліпеня ён абвясціў сябе як каралём Андоры. Але «панаванне» Барыса I доўжылася нядоўга – амаль два тыдні – бо ён абвясціў вайну біскупу Урхеля, князю Андоры. Той папрасіў Іспанію аб дапамозе. Пасля гэтага іспанскія ўлады арыштавалі Скосырава.

Яго дэпартавалі ў Партугалію, а пасля ён вярнуўся ў Францыю. Там Скосырава як «непажаданага замежніка» адправілі ў лагер, з якога ў 1942 яго вызвалілі немцы. Пазней ён апынуўся ў СССР, дзе яго даслалі ў Сібір – але, паводле словаў былога караля Андоры, ён здолеў уцекчы ў 1957 годе ў Заходнюю Германію. Менавіта ў ФРГ ён і жыў пасля сканчэння вайны – і дажыў ажно да 93 гадоў.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee