9 ліпеня 1906 года каля вёскі Мікалаеўшчына сабраліся каля трыццаці настаўнікаў з розных мясцінаў Беларусі. З’езд быў нелегальны, таму адбываўся таемна. Сярод тых, хто прыехаў, былі Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Алесь Сянкевіч, Іван Фёдараў (Янка Маўр), Нічыпар Янкоўскі і іншыя.
Настаўнікі абмяркоўвалі неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму і далучэнне да агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху. Па выніках сустрэчы ўдзельнікі прынялі адозву да ўсіх настаўнікаў, распрацавалі статут і пастанову саюза, дзе адкрыта сказалі: з імперскай уладай трэба змагацца.
Увечары, калі сустрэча перамясцілася ў школьны будынак, з’явілася паліцыя. Паліцыянты зрабілі вобшук і забралі ўсе дакументы, у тым ліку пратакол з’езда. Але на месцы нікога не арыштавалі, бо баяліся сялянаў, якія добра ставіліся да настаўнікаў і ўжо сабраліся пад школай, каб заступіцца за іх.
Якуб Колас пасля пісаў:
«Пратакол ляжаў на стале. Нікому і ў галаву не прыйшло цяпер, што нас можа напаткаць бяда. А гэтая бяда ў вобразе паліцыі ўжо совалася пад вокнамі школы. У гадзін 12 ночы раптам уляцеў ураднік у кватэру настаўніка і з крыкам “ні з месца”, як каршун, наляцеў на наш пратакол. Следам уварваліся сюды паліцэйскія стражнікі на чале з прыставам. Закамандавалі падняць рукі ўгору і пайшлі трасці нашы кішэні і шукаць па ўсіх кутках крамолы…»
Пасля з’езда ўлады абвінавацілі ўдзельнікаў у палітычнай нядобранадзейнасці. Усіх настаўнікаў звольнілі і паставілі пад нагляд паліцыі. Якубу Коласу і Алесю Сянкевічу прысудзілі тры гады турмы, хоць Сянкевічу ўдалося ўцячы ў ЗША. Якуб Колас адсядзеў свае тры гады ў Пішчалаўскім замку (тая самая «Валадарка») – у турме ён працягваў пісаць і пачаў паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка».
З’езд у Мікалаеўшчыне стаў адной з першых спробаў беларускіх настаўнікаў арганізавацца і дзейнічаць разам. Ён паказаў, што нацыянальная і сацыяльная свядомасць у грамадстве расце, а запыт на незалежную Беларусь, якая можа дзейнічаць без аглядкі на іншыя краіны, высокі.