Паэт, які стаў голасам беларускай нацыі7 ліпеня – дзень нараджэння Янкі Купалы. Ён не проста адзін з…

Паэт, які стаў голасам беларускай нацыі

7 ліпеня – дзень нараджэння Янкі Купалы. Ён не проста адзін з найвялікшых беларускіх творцаў. Купала – класік нацыянальнай літаратуры, пясняр, які стаў голасам свайго народа ў эпоху зменаў, выпрабаванняў і надзеі. Ён стварыў новы ўзровень беларускай літаратуры, вывеўшы яе з фальклорнага, этнаграфічнага кантэксту ў сферу высокага мастацтва. У паэме «Адвечная песня» ён адлюстраваў драму простага чалавека, што прагне лепшай долі. У «Сне на кургане» – трагедыю народнага лёсу. У камедыі «Паўлінка» і трагікамедыі «Тутэйшыя» – сатыру на абыякавасць і апалітычнасць грамадства.

Ён быў рэдактарам, перакладчыкам, публіцыстам, грамадскім дзеячам. У рэвалюцыйныя гады і пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Купала адкрыта выступаў за незалежнасць Беларусі. Яго артыкулы, як і вершы, былі прасякнутыя заклікам да самавызначэння і адраджэння.

У 1930 годзе ён зрабіў спробу самагубства пасля допытаў у ДПУ, калі яго абвінавачвалі ў «нацыяналізме». З гэтага часу яго творчасць усё больш адпавядала афіцыйнаму курсу.

Янка Купала загінуў 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве, упаўшы ў лесвічны пралёт гатэля «Масква». Трагічная смерць застаецца адной з найбуйнейшых таямніцаў беларускай культуры. Існуюць тры гіпотэзы.

Першая, афіцыйная, – няшчасны выпадак, нібыта паэту стала дрэнна і ён выпаў з лесвіцы. Але няма ні сведкаў, ні следства. Другая версія – самагубства. Яна звязваецца з цяжкім псіхалагічным станам Купалы, які ўжо перажываў спробу самагубства ў 1930 годзе, калі супраць яго распачалі палітычную справу. Аднак непасрэдных доказаў самагубства таксама не было.

Трэцяя – забойства супрацоўнікамі НКУС, для якіх Купала заўжды быў «нацыяналістам» і ворагам.

Так ці інакш, смерць Янкі Купалы сімвалізуе лёс цэлага пакалення беларускіх творцаў, якія апынуліся паміж нацыянальнай ідэяй і таталітарнай дзяржавай.

Купала застаўся верным сваёй Бацькаўшчыне – і менавіта за гэта, магчыма, заплаціў найвышэйшую цану. Яго верш «А хто там ідзе?» стаў неафіцыйным гімнам беларусаў, а словы «Жыве Беларусь!» – сімвалам волі.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee