Святочны верш Андрэя ХадановічаАўтобусМудрацы захмялелі й забылі дары у аўтобусе да Бэтлеема,бо вятр…

Святочны верш Андрэя Хадановіча

Аўтобус


Мудрацы захмялелі й забылі дары
у аўтобусе да Бэтлеема,
бо вятры разагналі аблокі ўгары
і п’яніла сузор’яў паэма…

А кіроўца далей падарункі вязе
неслухмянай і файнай малечы,
і кладзе пад ялінкай, усім па чарзе,
непатрэбныя, важныя рэчы.

А кіроўца сьмяецца ў сваю бараду
і падвозіць мядзьведзя, казу і
пастухоў, каб вялі ў Новы год Каляду,
а Стары ўсё газуе, газуе.

(Той малы пастушок – гэта ты ў восем год,
з пугай дзедавай крочыш дахаты.)
Пастухі ўцекачам падарылі намёт,
цёплы спальнік і тэрмас гарбаты.

Калядуе анёлак з трубою ў сьвятле,
а другі – з пастуховай трысьцінкай,
каб малечы іх верш на аўтобусным шкле
прачытаць беларускай лацінкай.

Канцавыя прыпынкі – свабода і мір,
хоць кіроўца старэнькі, няхуткі…
Хто сьпявае ў салоне? Ты сам, пасажыр
бэтлеемскай каляднай маршруткі.