Чатырнаццаць гадоў той самай Плошчы.Мы неяк прызвычаіліся да гэтага слова. Плошча. Сінонім да “акцыі…

Чатырнаццаць гадоў той самай Плошчы.

Мы неяк прызвычаіліся да гэтага слова. Плошча. Сінонім да “акцыі пратэсту”. Сабрацца на адной плошчы, прайсці да другой, а потым… Потым краіна жыве, як жыла раней. Але тая Плошча, у 2010 г, была іншай. Людзей шмат (сапраўды шмат!), надзвычайная жорсткасць мянтоў, напад на Някляева, арышты кандыдатаў… Вялікая надзея, і цяжкае адчуванне наступным ранкам, што зло перамагло.

Праз дзесяць гадоў ужо ніхто не казаў “плошча”, бо не было аднаго пэўнага месца для пратэсту, і кіпела ўся краіна. Больш людзей, больш жорсткасці, больш арыштаў. Толькі ўсё не скончылася адным днём, ці двума, ці тыднем. Усё так і не скончылася. Зло пануе ў Беларусі, але яно больш не выглядае непераможным.

На ўсё патрэбны час. Усё адбываецца ў свой час. Старыя акцыі і словы для іх сыходзяць у мінулае. Але азірнешся назад – і зразумееш: кожны этап быў неабходным. І Плошча – тая самая Плошча – важны крок на шляху да будучай свабоды.

Жыве Беларусь!