Але гісторыя з Купалаўскі паказальная. Як усе бандыты, лукашэнкаўскія “сілавікі” любяць і ўмеюць “аджымаць”: грошы, маёмасць, бізнэсы. А з аджатага абавязкова трэба высмактаць усе сокі і разбурыць тое, што засталося. І вось яны паспрабавалі аджаць “аб’ект культуры”: забралі будынак, прагналі актораў, панавезлі на іх месцы прыгонных рускамірных цётак, якія арганічна выглядаюць не на сцэне, а на адкрыцці алкамаркета. Ужо рыхтаваліся адрапартаваць, што тэатр апаганены і знішчаны.
Але вось праз чатыры гады Вольныя Купалаўцы ставяць п’есы ў розных гарадах Еўропы. Тэатр і яго дух не знішчаны, ён жыве. У лапах пацукоў застаўся толькі будынак, заняты іншымі пацукамі. Лукашысты, вядома ж, шалеюць, імкнуцца дробна адпомсціць, і не разумеюць, як так сталася: будынак скралі, а тэатр – не.
А ўсё таму, што тэатр – гэта не будынак, гэта людзі. Людзі ніколі не былі каштоўнасцю для злачыннай улады, таму ёй немагчыма гэта ўсвядоміць. І людзі, аб’яднаныя агульнай мэтай і агульнай справай, – нават без будынка, нават без дома – не страцілі сваё месца і захавалі тэатр. І тысячы беларусаў чакаюць яго вяртання на радзіму.
Дзякуй, Вольныя Купалаўцы!
Жыве Купалаўскі!
Жыве Беларусь!