Сэрца сціскаецца, калі глядзіш навіны з Тбілісі. І гэтыя колеры сцягоў, і маршы ўсіх, каго можна ўявіць: пенсіянераў, студэнтаў, айцішнікаў, вінаробаў і нават дыджэяў… Шмат падабенстваў, шмат успамінаў. Страшна, бо людзі стаміліся, і людзі без масак, а “грузінская мара” таксама ўсе маскі скінула: вось збіваюць і арыштоўваюць апазіцыянераў, вось штампуюцца новыя рэпрэсіўныя законы, вось пацукі праводзяць “выбары” прэзідэнта, дзе толькі 300 спецыяльна навучаных выбарцаў, а кандыдат увогуле адзін.
Але паралельна адбываецца іншае. Вось масава звальняюцца чыноўнікі і дыпламаты, вось пратэстоўцаў падтрымліваюць самыя вялікія банкі краіны, вось кіраўнікі бізнэсаў дасылаюць адвакатаў да сваіх арыштаваных супрацоўнікаў. Вось людзі на вуліцах спяваюць на роднай мове. Вось невялічкі сабака самавіта цягне нумар, адгрызены з паліцэйскага аўто. Глядзіш і разумееш: няма нічога немагчымага.
“Рускі свет” шмат дзе пусціў свае брудныя карані, у розных краінах, на розных кантынентах. Толькі карані тыя гніюць, а людзі хочуць самі абіраць сваю будучыню. Будзе доўга і будзе цяжка, беларусы як ніхто іншы гэта разумеюць. І як ніхто іншы жадаюць хутчэйшай перамогі народу Сакартвэла.
Сакартвэлас гаўмарджос!
Жыве Беларусь!