Але хто, хто на цвярозую галаву абярэ для сябе ці для дзіцяці акадэмію МУС?! Увогуле, што за людзі вучацца там? Што за першакурснікі, паслухаўшы ў жніўні 2020 г стогны людзей з Акрэсціна, прыйшлі ў верасні на першую пару?
І вось, не так даўно стала вядома, што 21-гадовага Іллю Нарышкіна, студэнта акадэміі МУС, летам асудзілі на 15 гадоў. Падрабязнасцей няма, але артыкулы такія, па якім судзяць тых, хто хоча ваяваць за Украіну.
Можа, Ілля спадзяваўся давучыцца і працаваць ужо ў вольнай краіне. Можа, ВНУ абралі яго бацькі. Можа, можа… А можа, ён быў тады па-за палітыкай. А потым раптам перастаў.
У большасці людзей ёсць мяжа, якую яны не могуць пераступіць. На нейкія рэчы сумленне дазваляе заплюшчваць вочы, а на нейкія – не. Хтосьці з нас прачнуўся ў 1996 г, хтосьці – у 2020 г, хтосьці – напачатку 2022 г. Кагосьці абудзілі скрадзеныя выбары і здзекі над вязнямі, кагосьці – арыштаваны сын ці ўнук, кагосьці – першы дзень поўнамаштабнай вайны (і можа, кагосьці абудзіць тысячны дзень).
І няхай прапаганда распавядае нам, як беларусы радасна падпісаліся за луку, і народ ператварыўся ў таго хлопца са старога жарту, якому пятля спачатку ціснула, а потым ён прывык. Ніхто не прывык, ніхто не забыў і не дараваў. І людзей, якім абрыдла гэтая ўлада, з кожным днём становіцца не меней, а больш.
Свабоду Іллі Нарышкіну!
Жыве Беларусь!