Ці быў хто з вас на канцэрце N.R.M. у пачатку двухтысячных, калі яны ўпершыню выканалі песню “Фабрыка”? Нават калі не, вы дакладна чулі яе, гэта песня пра цяжкую невыносную шэрасць, што пануе ў краіне і незаўважна цісне на кожнага. Здавалася, залю тады аб’яднала пачуццё : гэта не можа доўжыцца вечна.
Ішлі гады, праходзілі выбары. Людзі збіраліся на плошчы. Разыходзіліся. Жартавалі пра БТ і прэзідэнта-калгасніка. Абураліся, што рэстаран будуецца амаль на могілках, але не далучаліся да варты ў Курапатах. Адводзілі вочы ад пажылой жанчыны, што часам стаяла з пікетам на плошчы. Адна. Кагосьці арыштавалі за налепку з Пагоняй. Хтось з’ехаў. Гурту N.R.M. забаранялі граць канцэрты. Дазвалялі. Зноў забаранялі. Пачварнае “гэта” відавочна збіралася доўжыцца вечна.
Але аднойчы… Што здарылася? Што было апошняй кропляй? Невядома, але ўсе мы адчулі: “гэта” скончылася. Яно знікла, сканала. Спужалася сур’ёзнасці Бабарыкі, ці тапка Ціханоўскага? Ці нечаканага аб’яднання штабоў вакол Святланы? Ці песні, што паставілі на праўладным свяце Дыджэі Перамен?
І былі белыя бранзалеты, і чэргі на выбарчыя ўчасткі, і ўсмешкі падтрымкі ў чэргах. Былі кулі і света-шумавыя гранаты, але людзі сабраліся ў вялікіх і малых гарадах, і не сыходзілі ноччу, і сабраліся на наступны дзень, і потым зноў. Крывя, жах, шок і абурэнне. Жанчыны з кветкамі.
І потым – сотні колераў. Панавалі белы і чырвоны, канешне, але былі і іншыя. Тысячы людзей у Курапатах. Сотні тысяч – побач з Нінай Багінскай. Мы ўбачылі адзін аднаго – прыгожых, таленавітых, яскравых, жывых. Салідарнасць, адзінства. Яшчэ не свабода для краіны, але свабода ад летаргічнага сну для нас усіх.
І няхай сёння мы стомлены, але на дрэвах у розных гарадах з’яўляюцца нашыя сцягі. Сілавікі колькі заўгодна могуць рапартаваць пра задушаны пратэст, але недзе на плоце каля дома іх чакае надпіс “протест заглохнет, когда диктатор сдохнет”. Дзяўчыну адпраўляюць за краты за антываенны рэпост, а іншая дзяўчына спявае песню супраць вайны, і людзі падпяваюць ёй.
Вусатая пачвара два гады намагаецца перагарнуць крывавую старонку нягнуткімі пальцамі, і не можа. Бо шэрасці, што панавала над намі, больш няма.
Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Са святам годнасці, сябры.
Жыве Беларусь!