Так, лукашэнка ўсё яшчэ пры ўладзе, і вельмі хочацца абвінаваціць у гэтым некага паблізу.
Сапраўды, шмат беларусаў не хадзілі на пратэсты. Працавалі, займаліся сваім жыццём.
Але давайце ўзгадаем нашыя прыгожыя маршы, калі з кожнага вакна людзі віталі калону – сцягамі, стужкамі, быў нават беленькі сабачка з чырвоным бантам! Узгадайце пачуццё свабоды і яднання тых, хто на вуліцах і тых, хто ў вокнах.
Многія людзі баяліся і баяцца за сваё жыццё і свабоду. Як было не баяцца тады, пасля трох крывавых дзён жніўня!
Але, калі патрабавалася іх дапамога, яны пераадольвалі страх і дапамагалі. Яны вывозілі пратэстоўцаў з небяспекі, хавалі нас у кавярнях, крамах і ва ўласных кватэрах, адчынялі пад’езды, калі бачылі хапун паблізу. Узгадайце таксіста, што выратаваў хлопца ад амапаўцаў. Узгадайце жыхароў Плошчы Перамен, што да раніцы ціхенька сядзелі разам з дзясяткамі незнаёмцаў, без святла, каб вораг не заўважыў, што ў кватэры зашмат народу. Мабыць, так адчувалі сябе нашы продкі, калі хавалі габрэяў падчас Другой сусветнай.
Таму давайце пазбавімся ад гэтага брыдкага слова – “хатаскрайнікі”. Вораг як ніколі імкнецца нас раз’яднаць (то дзесяцірублёвыя тролі аднекуль вылазяць, то “апазіцыя да штабу Ціханоўскай” нечакана з’яўляецца). Не будзем дапамагаць ворагу.
Дзякуй вам, беларусы! Усе мы розныя, але лёс аб’яднаў нас. Давайце не губляць гэтае пачуццё еднасці! Сёння, у дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю, будзем салідарнымі адзін з адным. Сёння і заўсёды беларус беларусу беларус.
Толькі разам пераможам!
Жыве Беларусь!