У адной краіне ўладу захапілі пацукі. На пасадах, у арміі, у міліцыі людзей амаль не засталося – пацукі там заселі. А каралём у іх быў стары тлусты вусаты пацук, які вельмі любіў спалучэнне чырвонага і зялёнага, спевы Саладухі, хакей і каб яго называлі прэзідэнтам.
Аднойчы, акурат у дзень ведаў, пацучыны кароль вырашыў сустрэцца з дзецьмі і расказаць ім казку. Казкі пацук таксама любіў, і былі яны зусім не добрымі. Амаль ніхто ў яго казкі не верыў (акрамя трох адсоткаў насельніцтва, якія яшчэ называліся “элехтаратам”), але пацук расказваў усё адно.
І вось, сабраў ён дзяцей, апранутых у аднолькавыя камізэлькі і сукенкі, і пачаў. Ён расказаў пра генацыд беларускага народа, пра тое, што прэзідэнта мусяць абіраць не грамадзяне, а пацукі на ўсепацучыным сходзе, што беларусы і расіяне – братэрскія народы, бо пацукі там і там амаль аднолькавыя. І, канешне, сваю ўлюбёную казку: пра тое, откуда на Беларусь готовилось нападение.
Але раптам пацук заўважыў, што школьнікі неяк не слухаюць. Дзеці ўсе сядзелі ў тэлефонах (якія яны, дарэчы, перад пачаткам заняткаў павінны былі скласці ў спецыяльную скрыню, але грошаў у школы хапіла толькі на новы вялікі партрэт пацучынага караля, а на скрыню – не).
– Вам што, нецікава? – спытаўся пацук.
– Вельмі цікава, таварыш пацук, – адказалі дзеці.
– Вам нешта не падабаецца? – зноў спытаўся пацук.
– Усё падабаецца, таварыш пацук, мы ж жывем у самай квітнеючай краіне, ў самым чыстым горадзе, – зноў адказалі дзеці.
– Тады мо яшчэ адну казку? Якая вашая любімая? Пра сельскую гаспадарку? Пра дэвальвацыю, якой не будзе? Пра Ніка, Майка і крэпкія арэшкі?
– Пра Шчаўкунка, – уздыхнуў адзін маленькі хлопчык.
Мараль. Нешаноўныя пацукі, не трэба лезці да дзяцей са сваімі казкамі. Бо дзеці разбіраюцца ў сапраўдных казках лепш за вас, і добра ведаюць, што на кожныя крэпкія арэшкі аднойчы знойдзецца свой Шчаўкунок.
А на кожнага пацука – котка
Нашыя дзеці лепш за усіх!
Жыве Беларусь!