А паглядзіце лепш на Іран. Паглядзіце, як жанчыны, ад якіх не толькі кіраўніцтва краіны, а нават рэлігія патрабуе хавацца пад адрэзам тканіны, паляць свае хіджабы на плошчах. Паглядзіце, як мужчыны, якіх нібыта задавальняў патрыярхат, абараняюць гэтых жанчын. У такія хвіліны разумееш: няма народа, што не прагне свабоды. Якой бы моцнай і старой не была дыктатура. Няхай няма апазіцыі, задушана прэса, няхай дзяржава імкнецца кантраляваць кожную хвіліну жыцця грамадзяніна – народ прагне свабоды.
Дыктатуры мараць жыць вечна, як і дыктатары. Але гэта немагчыма, бо іх галоўны вораг – народ.
Ідзе час. Дзвесце гадоў таму нявольніцтва было звычайнай з’явай. Шэсцьдзесят гадоў таму жанчыны ў Швейцарыі не маглі галасаваць. А зараз?
Мяняецца свет, мяняецца свядомасць людзей. І дыктатуры сыходзяць. Адныя – ціха, як хунта ў Чылі, іншыя – з крывёй, як зараз пуцінская Расія. Некаторыя ўсё яшчэ лічаць сябе непераможнымі. Што ж. Дыназаўры таксама, мабыць, так лічылі, але аднойчы проста не змаглі адаптавацца да наваколля, бо яно змянілася, а дыназаўры – не.
І мы марым убачыць канец усіх дыктатур. Народы, што зараз пакутуюць у палоне, будуць вольнымі. А наш абавязак – набліжаць канец дыктатуры ў Беларусі. Поспехаў нам усім!
Свабоду народам!
Жыве Беларусь!