У гадавіну трагедыі ў Хатыні лука выступіў у мемарыяльным комплексе, і ўся яго прамова круцілася вакол вайны. Вайна патрэбная, вайна непазбежная і ўвогуле, не такая ўжо і дрэнная.
Ці не забылася вусатая пачварына, што вайну ў якасці нацыянальнай ідэі прадавалі іншаму народу, што “можем повторить” – не пра беларусаў? Дзе ж тваё “абы не было вайны”, пацучок? Вырашыў замяніць на “гэта не мы нацысты, гэта яны”?
Ну і як, працуе?
Усё вяртаецца праз 80 гадоў: і вайна, і акупацыя, і партызаны, і катаванні, і пакаранні мірных жыхароў за партызанскія акцыі (дзякуй богу, што сучасныя карнікі не спалілі Мачулішчы).
І нашчадкам чэкістаў хочацца выцягнуць з засакрэчаных архіваў і старых падручнікаў знаёмае слова для абазначэння ворага. Нацысты. Паглядзіце, нацыст, вунь там. Дэманстраваў нацысцкую сімволіку. Выкрыкваў нацысцкі лозунг. Такое знаёмае, роднае слова – нацыст. Такое цёплае, добрае, такое карычневае слова – нібыта змяшаліся чырвоны і зялёны колеры.
Але нацыстаў няма. Няма ні НКУС, ні гестапа. Няма ні гітлера, ні сталіна, ні СССР, ні нацысцкай Германіі. Усё скончылася і згінула. Мы жывем у часы ютуба і тэлеграма, прыватныя кампаніі запускаюць ракеты ў космас, нейрасетка піша допісы ў фэйсбук.
І толькі старыя дыктатары шукаюць знаёмыя ідэалы, прагнуць вайны, крыві і пакут, і славы памерлых людажэраў, а іх маладыя памагатыя самі імкнуцца замазацца ў брудзе. Гісторыя паўтараецца двойчы, і мы глядзім другую частку – фарс. Нажаль, ён таксама трагічны.
Але, пацучкі, калі вас так цягне да нацысцкай Германіі, узгадайце адзін баварскі горад. Горад на рацэ Пегніц. Там чырвоныя дахі, а людзі п’юць піва і гуляюць на святочных кірмашах. Гэта Нюрнберг. Прыгожая назва. Здаецца, яна перакладаецца як “за ўсё зло аднойчы прыйдзецца адказаць”. А можа, і неяк па-іншаму перакладаецца. Але. Адказаць дакладна прыйдзецца. І хутка.
Жыве Беларусь!