Наталля сама ў 2021 г атрымала дамашнюю хімію за абразу пачуццяў нейкага занадта ўразлівага пацука і ведае, як цяжка бывае несправядліва асуджаным. Пераводамі са сваёй невялікай пенсіі яна дапамагла 114 незнаёмым людзям.
Гэта цалкам законна, нават ва ўмовах недазаконня, таму і артыкул – не пра грошы. Але пасыл ад дзяржавы зразумелы. Дапамагаць – небяспечна. Пісаць лісты – небяспечна. Рабіць пераводы – небяспечна. Быць чалавекам – небяспечна.
А быць пацуком – бяспечна. Быць пацуком – крута. Пацук – самая паважаная жывёла ў краіне для жыцця.
Ператварыцца ў пацука – лёгка на першы погляд. Садраць з сябе чалавечую скуру і апрануць шэрую поўсць. Забыць сваіх чалавечых бацькоў, здрадзіць сваім чалавечым дзецям. Пазбавіцца ад сумлення, бо ў сумленных поўсць не прыжываецца.
Вось толькі як ад яго пазбавіцца? Як адвярнуцца і не бачыць увесь боль, усю крывю і ўсю несправядлівасць? Як не чуць тых, каму патрэбна дапамога? Як не думаць, не марыць, не любіць? Як забыць, што нарадзіўся чалавекам? Жахліва. Невыносна. Немагчыма.
І пацукі могуць забараняць сцягі, і незалежныя смі, і чаты, і вопратку пэўных колераў. Але яны не забароняць людзям заставацца людзьмі. Людзі дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго не таму, што гэта бяспечна, а таму, што не могуць іначай. Быць чалавекам ці не – гэта асабісты выбар. Мы, беларусы, свой выбар зрабілі.
Свабоду Наталлі Малец!
Дзякуй вам, цудоўная жанчына.
Жыве Беларусь!