Святлана Ціханоўская: «Цяпер не час для канкурэнцыі паміж людзьмі. Трэба змагацца з агульным ворагам…

Святлана Ціханоўская: «Цяпер не час для канкурэнцыі паміж людзьмі. Трэба змагацца з агульным ворагам – дыктатарам і яго сістэмай»

Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв’ю BBC, дзе павышаную ўвагу надала праблеме палітычных зняволеных у Беларусі – і выклікам, з якімі сутыкаюцца людзі за кратамі.

Вось ключавыя цытаты з інтэрв’ю:


«Рэжым хоча пераканаць нашых герояў за кратамі, што свет пра іх забыўся, што пра іх ніхто не думае: адвакат не прыходзіць, лісты не дастаўляюцца – вашая ахвяра была марнай. І я вельмі хачу, каб у свеце гучна загаварылі пра палітвязняў і гуманітарную сітуацыю ў Беларусі, каб людзі не адчувалі сябе забытымі ў нашай краіне».

«У нас тысячы палітычных зняволеных за кратамі, і гэта самая балючая частка нашай барацьбы, калі людзі пакутуюць за кратамі з-за дрэннага абыходжання. У нас ёсць спіс людзей з цяжкімі захворваннямі, людзі з асаблівымі патрэбамі, якія пазбаўленыя якой-небудзь медычнай дапамогі. Мы вымушаныя былі вывучыць тэрмін «рэжым інкамунікада». Ён азначае, што людзі, якія знаходзяцца за кратамі, утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі, гэта датычыцца і майго мужа. Пра іх няма ніякай інфармацыі – адвакатаў не пускаюць, лістоў не дастаўляюць. Я не ведаю, што адказаць сваім дзецям аб таце. І такіх людзей шмат».

«Мы супраць дыктатуры, супраць вайны ва Украіне і ўдзелу нашай краіны ў гэтай вайне. Мы хочам свабодную незалежную дэмакратычную Беларусь праз сумленныя выбары. Мы жадаем вызваліць нашых людзей з турмаў, вярнуцца дадому і пачаць развіваць нашу краіну як частку еўрапейскай сям’і. Таму нескладана аб’яднаць людзей, якія маюць адну мэту. Усе разумеюць: зараз не час для канкурэнцыі – зараз час змагацца з агульным ворагам, дыктатарам і яго сістэмай».

«Калі ва Украіне Расія ваюе танкамі, ракетамі, забівае людзей, то ў Беларусі гэта паўзучая акупацыя. Яны ўмешваюцца ў нашую культуру, нашыя СМІ, эканоміку, адукацыю, каб крок за крокам падпарадкаваць нашу нацыю. І толькі моцная нацыянальная ідэнтычнасць, моцнае грамадства дапамогуць нам пазбегнуць гэтай русіфікацыі».