На вольны родны свой прастор. 18 жніўня 1891 года нарадзіўся Макар Краўцоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык, публіцыст і грамадска-палітычны дзеяч. Менавіта ён напісаў словы да гімну Беларускай Народнай Рэспублікі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, які сьпявалі слуцкія паўстанцы, што ўзьняліся на абарону БНР.
Верш упершыню ўбачыў сьвет 30 кастрычніка 1919 года ў газэце “Беларусь” пад назвай “Ваяцкі гімн”. Макар Краўцоў друкаваўся ў газэтах «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларуская крыніца», «Родны край», часопісах «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і іншых.
Чытайце пераклад Макарам Краўцовым Марка Твэна — Прынц i жабрак
Краўцоў пісаў артыкулы пра творчасьць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзмера Жылкі, Цёткі, узгадваў сучасьнікаў Івана Луцкевіча, Пётра Карчэўскага, Алеся Гаруна.
У канцы 1939 года Макар Краўцоў быў арыштаваны разам зь іншымі дзеячамі беларускага вызваленчага руху. Дакладныя зьвесткі пра абставіны сьмерці не высьветлены. Паводле некаторых сьведчаньняў, ён быў закатаваны ў часе допытаў у савецкай турме ў Беластоку.
Макар Краўцоў – «Паварот да Горадна»
———
Чаму “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ня быў прыняты ў якасьці дзяржаўнага гімна Беларусі ў 1991 годзе?
13 лістапада 1991 года Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў падпісалі заяву, дзе прапаноўвалі адрадзіць гімн БНР у межах незалежнай рэспублікі.
“Ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Тэксты гімнаў цывілізаваных краінаў звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаныя крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла. І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя”, – пісалі выбітныя беларускія пісьменьнікі.
“Мы выйдзем шчыльнымі радамі” працяты прагай абараніць сваю зямлю, свой гонар, сваю свабоду. Навошта такі гімн тым, хто гадамі мусіў пазбаўляць беларускі народ ягоных нацыянальных сымбаляў? Тым, хто зрабіў зьнявагу нацыянальных каштоўнасьцяў часткай дзяржаўнай палітыкі?
Лёс гімну Беларусі склаўся зусім ня так, як прапаноўвалі пісьменьнікі. Быў праведзены конкурс, і напрацягу 28 год мы маем тое, што маем.
Чытайце падрабязны артыкул Сяргея Навумчыка – Чаму гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ня стаў дзяржаўным