А памятаеце такого Масатосі Ніканісі? Ніхто не памятае. На жаль. Тыдзень таму абмяркоўвалі кіно пра “японскага шпіёна”, і жартавалі, бо гэта ж кдб – замест трылера ў іх заўжды выходзіць камедыя.
Усё сапраўды і смешна, і абсурдна. І незразумела, ці пацук вырашыў пагандляваць яшчэ з адной краінай, ці ў яго “кінематаграфістаў” ёсць норма на колькасць “фільмаў” у год. Але “японскі шпіён” – гэта жывы чалавек, які зараз сядзіць у беларускай турме. І хутчэй за ўсё нават не разумее, што адбываецца, – бо моўны бар’ер, і ўвогуле іншаземцу не ў тэме цяжка ўсвядоміць усё, што ў нас адбываецца.
Сам вінаваты – абраў жыццё ў Беларусі? Але людзей дзясяткамі затрымліваюць на мяжы, людзі захоўваюць фоткі з маршаў акурат на тэлефонах. Не замежнікі, а нашы. Беларуская дзяўчына пасля Акрэсціна абураецца, што ёй раней ніхто не распавёў, “як гэта цяжка”.
І кожная гісторыя, нават такая шакуючая, як гісторыя Масатосі Ніканісі, жыве ў інфаполі дзень ці два. А потым людзі забываюць. Бо тут гэта такая руціна, штодзень кагосьці хапаюць ні за што, катуюць, судзяць, прысуджаюць шматгадовыя тэрміны.
Чалавечыя трагедыі ператвараюцца ў інфаповады, інфаповады забываюцца, вызваляючы месца ў эфіры для іншых інфаповадаў. Гэта няправільна, але як знайсці эмпатыю на ўсіх, калі тых “усіх” так шмат?
І можна забыць пра чарговы “фільм” ад кдб. Прыйдзецца, каб не звар’яцець. Ёсць спісы – і ахвяр, і злачынстваў, і злачынцаў. Але што мы дакладна не маем права зрабіць – гэта здацца. Заплюшчыць вочы. Бачыць толькі добрыя навіны – маўляў, вунь людзей вызвалілі. І не думаць пра іншых, хто зараз у палоне, і пра новых вязняў, якія дадаюцца кожны дзень. Здацца – забыць увогуле ўсё, нават сябе. І наўрад ці гэта ўвогуле магчыма.
Свабоду ўсім закладнікам!
Пакарання ўсім злачынцам!
Жыве Беларусь!