Адкрыццё: натуральнае і звышнатуральнае«Бога ніхто ніколі не бачыў» (Ян 1:18), — гаворыцца ў Святым…
«Бога ніхто ніколі не бачыў» (Ян 1:18), — гаворыцца ў Святым Пісанні. Гэта значыць, што Бога нельга «вывучыць» па-за Яго воляй, нельга даведацца пра Яго хоць нешта, акрамя таго, што Ён Сам дазволіць. Людзі тысячагоддзямі імкнуліся больш даведацца пра Бога. І Ён заўсёды адкрываўся перад імі — у той меры, у якой яны былі гатовыя зразумець і прыняць Яго прысутнасць. Яўленне Богам Сябе на мове багаслоўя называецца Адкрыццём.
Адкрыццё бывае натуральным і звышнатуральным.
Звышнатуральнае Адкрыццё часам укладваецца Богам у сэрца чалавека, свабодная воля якога схільная да стасункаў з Ім. Часам яно прыходзіць у выглядзе грозных відзенняў, як у старажытных прарокаў, але часцей — як ціхі голас у сэрцы ў адказ на шчырае пытанне чалавека.
Бывае, што Бог адкрывае чалавеку нешта, што тычыцца многіх іншых. Такое Адкрыццё можна назваць звышнатуральным паводле таго, як яно было дадзена, і натуральным паводле спосабу паведамлення яго людзям (напрыклад, праз радкі Пісання або непасрэдна са слоў таго, каму Бог явіў Сябе).
Натуральнае Адкрыццё палягае ў магчымасці меркаваць пра Бога, разглядаючы Яго дзеянні як Творцы. Усё ў свеце — ад жывой клеткі да цэлых галактык — нясе ў сабе адбітак творчага розуму. «Бо нябачнае Яго, вечная сіла Яго і Боства, ад стварэння свету праз разгляданне твораў бачныя» (Рым 1:20).
Да натуральнага Адкрыцця належыць і тое, што чалавек здабывае на шляху самапазнання. Паводле слоў вядомага сірыйскага багаслова VIII стагоддзя Яна Дамаскіна, «пазнанне пра тое, што Бог ёсць, Ён Сам насадзіў у прыродзе кожнага».
Натуральнае Адкрыццё звернута да ўсіх людзей на свеце. Нават той, хто нічога не чуў пра Бога, можа адчуць Яго прысутнасць у прыгажосці і складанасці навакольнага свету і ва ўласнай здольнасці хоць бы прыблізна адрозніваць дабро і зло.
Нямецкі філосаф Імануіл Кант пісаў пра гэта так: «Дзве рэчы напаўняюць душу заўсёды новым і ўсё больш моцным здзіўленнем і глыбокай пашанай, чым часцей і працяглей мы разважаем пра іх, — гэта зорнае неба нада мною і маральны закон ува мне».