Мы прызвычаіліся лічыць, што асноўнай крыніцай нашай веры з’яўляецца Святое Пісанне. Але само Святое…
Існуе значна больш шырокі корпус розных пісанняў, якія дапаўняюць тыя прабелы, што засталіся ў Святым Пісанні, — тыя моманты, якія з тых ці іншых прычын апосталы не зафіксавалі ў тэкстах, якія пазней Царква прызнала кананічнымі.
Канонам, гэта значыць законам веры, Царква вызначыла пэўны пералік кніг і пісанняў, якія яна лічыць звышаўтарытэтнымі. Менавіта на іх аснове правяраецца інфармацыя з усіх іншых крыніц традыцыі.
Ужо на пачатку фарміравання гісторыі пра Хрыста як запісанай гісторыі апостал Лука адзначае, што многія людзі браліся за гэтую справу (Лк 1:1-3). Таму, акрамя чатырох Евангелляў, існуе яшчэ шмат іншых тэкстаў, дзе захаваліся цікавыя эпізоды з жыцця Ісуса Хрыста, з Яго вучэння, з вучэння апосталаў ці з жыцця асоб, звязаных з Хрыстом. Па розных прычынах Царква не ўключыла іх у канон, але і не адкідала цалкам, бо побач з Пісаннем існуе і вусная традыцыя. Некаторыя аспекты веры перадаваліся менавіта вусна.
Такія тэксты называюцца апакрыфічнымі. Ёсць цэлы пласт так званай апакрыфічнай літаратуры, стылістычна падобнай да Евангелляў, Дзеяў апосталаў ці апостальскіх пасланняў. Існуе таксама шмат апакаліпсісаў — аб’яўленняў.
Акрамя гэтага, яшчэ з ранніх часоў хрысціянства фарміруецца пласт аўтарытэтных каментароў да Святога Пісання. Яны ўтрымліваюць частку традыцыі, якая не ўвайшла ў сам канон, але з’яўляецца важнай для Царквы. Гэта, напрыклад, гаміліі святых айцоў на асобныя біблейскія ўрыўкі. Такія тэксты маюць вагу для разумення веры і паўнапраўна існуюць у царкоўнай традыцыі.
У той жа час некаторыя пісанні Царква прызнала шкоднымі і фальшывымі — такімі, што скажаюць змест Святога Пісання. А іншыя ўспрымала як дапаможныя крыніцы, якія проста дапаўняюць канон. І гэта вельмі важны момант для разумення структуры ўсёй хрысціянскай традыцыі.