Памяць св. Лявона Вялікага, Папы і Айца Царквы
У раннім юнацтве стаў клірыкам Рымскай Царквы, быў бліжэйшым супрацоўнікам папаў Цэлестына I і Сікста III, і пасля смерці апошняга сам быў абраны на Папу (440 – 461). Актыўна змагаўся з маніхействам і перажыткамі паганства, умацоўваў царкоўную дысцыпліну.
Лявон I высунуў ідэю аб вяршэнстве рымскага біскупа над іншымі хрысціянскімі патрыярхамі. Асноўным аргументам для прызнання прымата Папы служыла абяцанне Хрыста, дадзенае Ім апосталу Пятру: «І Я кажу табе: ты Петр, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і вароты пякельныя не адолеюць яе. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана на нябёсах; і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана на нябёсах» (Мц. 16, 18-19).
Пасля св. Лявона застаўся вялікі збор яго працаў (96 пропаведзяў і 120 пасланняў). Лявон I Вялікі быў першым Папам, пахаваным у базіліцы Святога Пятра ў Рыме. У 1754 г. Папа Бенядыкт XIV абвясціў яго Доктарам Царквы.