Памяць св. Антонія Вялікага
Нарадзіўся ў 251 г. у цэнтральным Егіпце ў заможнай сям’і. Пасля смерці бацькоў раздаў спадчыну і пачаў весці аскетычнае жыццё, спачатку паблізу ў Фіваідзе (на ўскраіне Лівійскай пустыні, верхні Егіпет), дзе вытрымаў жорсткую барацьбу з дэманамі, і, нарэшце, пасяліўся на іншым беразе Ніла ля падножжа пустыннай гары. Стаў вядомым, вакол яго сабралася шмат вучняў.
У канцы жыцця па просьбе свайго сябра Апанаса пакінуў пустыню і публічна выступіў у Александрыі супраць арыянаў. Неўзабаве пасля свайго вяртання прадказаў братам свой блізкі скон і памёр у 356 г. ва ўзросце 105 гадоў.
Тысячы пустэльнікаў па яго прыкладзе адправіліся збаўляцца ў пустыню. Таксама і ў заходніх краінах пад яго ўплывам узніклі абшчыны пустыннікаў (Рым, Мілан, Трыр).
Антоній Вялікі не быў першым манахам і айцом манаства яго можна лічыць толькі ўмоўна, тым не менш, яго пустэльніцкі подзвіг быў самым натхняльным і вядомым у гісторыі Царквы.