Гэта падзея апісана ў дзвюх кнігах, якія ўвайшлі ў канон Новага Запавету: Евангеллі ад Мацвея і Евангеллі ад Лукі. Кожнае з іх па-свойму раскрывае багаслоўскае значэнне Нараджэння Хрыстовага. У Евангеллі ад Мацвея падкрэслена, што Ісус — гэта новы Цар-Месія — Давід, якому паклоняцца і прынясуць дары ўсе народы, што ўвасабляецца ў мудрацах з Усходу. Акрамя таго, Ісус з’яўляецца новым Майсеем, які выведзе народ з зямлі прыгнёту. У той жа час у Евангеллі паводле Лукі падкрэсліваецца, што Ісус — гэта Збаўца, які прыйшоў да ўсіх людзей, асабліва да ўбогіх і пакутуючых, увасобленых у вобразе пастухоў.
Ужо з самага пачатку мы бачым глыбокую ўвагу да багаслоўскага значэння Нараджэння Хрыста. У той жа час да IV ст. мы не маем звестак аб святкаванні Раства як асобнага свята. Прычына ў тым, што Раство было часткай большага святкавання: «Богаяўленняў Гасподніх» 6 студзеня. Гэтае свята «Богаяўленняў» уключала ў сябе шэраг падзей: Раство з пакланеннем мудрацоў, Хрышчэнне Ісуса ў Ярдане, ператварэнне вады ў віно ў Кане Галілейскай. Гэтае свята, як і ўсе хрысціянскія святы, стала паходным ад свята Пасхі, а таму мела тэматыку адкрыцця Божай сілы вернікам і ўдзелу вернікаў у эсхаталагічным банкеце Божага Валадарства. Свята нараджэння Ісуса стала святам нараджэння вернікаў у Ісусе, таму ў гэты дзень было прынята здзяйсняць хрост. Новаахрышчаных называлі новапрасветленымі, а таму Богаяўленне называлі таксама святам прасвятлення, або святам святла.
Верагодна, найважнейшай прычынай, якая паспрыяла раздзяленню гэтых святаў, з’яўляюцца хрысталагічныя спрэчкі пачатку IV ст. Аб’яднанне тэмаў Божага Нараджэння і Богаяўлення ў адно свята магло прывесці да думкі, што момант хрышчэння Ісуса ў рацэ Ярдан быў момантам нараджэння Ісуса як Бога, таму што гэтыя дзве тэмы глыбока перапляталіся. Такая інтэрпрэтацыя была б вельмі выгадная арыянам, якія лічылі, што Ісус не быў Богам. У сувязі з гэтым святкаванне Раства маглі аддзяліць ад Богаяўленняў 6 студзеня.
Згодна з агульнапрынятай тэорыяй, свята Божага Нараджэння 25 снежня ўпершыню з’явілася ў першай палове IV ст. у Рыме, а адтуль распаўсюдзілася па ўсім хрысціянскім свеце.