Сьвяты Кірыла нарадзіўся ў 315 годзе. Атрымаў усебаковую адукацыю, сьвецкую і рэлігійную, вядомы як вялікі аскет і выдатны прапаведнік.
Быў сьвятаром Ерусалімскай Царквы. У 350 годзе стаў патрыярхам Ерусалімскім, але праз падступнасьць арыянаў тройчы быў пазбаўлены гэтай пасады.
Калі Юльян Адступнік (361-363), затрымаўшыся падчас паходу на персаў у Ерусаліме, загадаў пабудаваць храм Саламона, сьвяты ў той жа час, спасылаючыся на словы прарокаў, пацьверджаныя Хрыстом, прылюдна заявіў, што не застанецца з яго каменя на камені. І сапраўды, уначы быў землятрус, які і спрычыніўся да разбурэньня храма.
Сьвяты Кірыла ўдзельнічаў у ІІ Сусьветным саборы ў Канстанцінопалі ў 381 годзе.
Папа Леў ХІІІ абвясьціў яго доктарам Царквы. Патрыярх Кірыла пакінуў пасьля сябе творы, найбольш вядомыя з якіх гэта катэхэзы, васемнаццаць навукаў, накіраваных да катэхуменаў, навучаньні, якія ўводзілі ў таямніцу веры (містагагічныя).
Памёр у 387 годзе.
Ты зазьзяў, быццам зорка, прасьвятліў верных сьвятымі промнямі твайго навучаньня, і зацьміў ерасі, перамогшы іх да канца. Як добры слуга, ты багамудры і блаславёны Кірыла, памножыўшы дадзены табе талент і гэтым дагадзіўшы Уладару, аддаў у Ягоныя рукі душу сваю.
Мудрасьцю словаў тваіх і красою жыцьця ты зазьзяў, быццам ясная зорка сярод сабору айцоў; путамі ласкі ты зьвязаў бязбожнага Македонія, які яўна беззаконьнічаў і бяздумна блюзьніў супраць сьвятога і боскага Духа, што ажыўляе ўсё.
Ты, ойча Кірыла, прывёў у зьбянтэжанасьць бязглуздага Манента з ягоным згубным вучэньнем, выкрыўшы ясна і разумна ягонае буянства. Дзеля гэтага мы, верныя, славім цябе як начальніка настаўнікаў, красу сьвятароў і боскага абаронцу Хрыстовае Царквы, і з радасьцю сьвяткуем тваё сьвятое ўсьпеньне.