Усё гэта адбываецца ў іх дзякуючы ласцы: Божы дар перамянення распачынаецца разам з апраўданнем, дзякуючы якому мы ўваскрасаем духоўна. Затым ва ўваскрасенні целаў, якое перамяняе справядлівых, стан слаўнага шчасця застаецца назаўсёды і не падлягае ніякім зменам.
Таму перамяненне пачынаецца з першага ўваскрасення, якое асвячае для навяртання. Праз яго адбываецца пераход ад смерці да жыцця, ад беззаконня да справядлівасці, ад нявернасці да веры, ад здзяйснення дрэнных учынкаў да святых паводзінаў. Тыя, хто такім чынам уваскрос, не падлягаюць другой смерці. Пра іх у Апакаліпсісе сказана: «Шчаслівы і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрасенні! Другая смерць не будзе мець над імі ўлады» (Ап 20, 6). У гэтай жа кнізе сказана таксама: «Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці» (Ап 2, 11). Як першае ўваскрасенне заключаецца ў навяртанні сэрца, так другая смерць – у вечным пакаранні.
Таму няхай кожны імкнецца мець удзел у першым уваскрасенні, калі хоча пазбегнуць пакарання другой смерцю. Бо тыя, хто ў гэтым жыцці, перамяніўшыся пад уплывам страху Божага, пераходзяць ад дрэннага жыцця да жыцця добрага, пераходзяць таксама ад смерці да жыцця, а пасля іх прыніжэнне заменіцца ў славу.
Св. Фульгентый