Гэтае ўцелаўлёнае Слова, каб да Яго можна было дакрануцца рукамі, сталася целам з Дзевы Марыі. Але не тады пачало быць Словам, бо гаворыцца, што «было ад пачатку». Паглядзіце, ці не пацвярджаецца Янава Пасланне ягоным жа Евангеллем, якое вы толькі што чулі. «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога» (Ян 1, 1).
Магчыма, у некага складзецца ўражанне, што Слова жыцця адносіцца да Хрыста наогул, а не да самога цела Хрыстовага, да якога можна дакрануцца рукамі. Паглядзіце, што гаворыцца далей: «Жыццё аб’явілася» (1 Ян 1, 2). Таму Хрыстос – гэта Слова жыцця.
І якім чынам яно аб’явілася? Яно было ад пачатку, але не было бачнае для людзей, аднак Яно было аб’яўлена анёлам, якія бачылі Яго і спажывалі як свой хлеб. Але што кажа Пісанне? «Чалавек спажываў хлеб анёлаў» (Пс 78 [77], 25).
Нарэшце, Жыццё аб’явілася ў целе; Яно стала бачным, каб рэчы, якія можна было ўбачыць толькі сэрцам, адкрыліся таксама вачам, і аздаравілі сэрцы. Бо Слова можна ўбачыць толькі сэрцам, а цела можна бачыць і цялеснымі вачыма. І мы атрымалі магчымасць убачыць Слова: Слова сталася целам, якое мы маглі бачыць, і сэрца было аздароўлена ў нас, каб мы маглі бачыць Слова.
Ян кажа: «Мы сведчым і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам» (пар. 1 Ян 1, 2), – гэта значыць аб’явілася паміж нас, а кажучы больш зразумела, аб’явілася нам.
«Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам» (1 Ян 1, 3). Няхай ваша любоў добра зразумее: «Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам». Яны бачылі самога Госпада, які прысутнічаў у целе, і чулі словы з вуснаў Госпада, і абвясцілі нам. А мы пачулі, але не ўбачылі.
Ці праз гэта мы менш шчаслівыя за тых, хто бачыў і чуў? На гэтае пытанне Апостал адказвае: «Каб і вы мелі еднасць з намі» (1 Ян 1, 3). Яны бачылі, мы не бачылі, аднак мы маем еднасць з імі, бо трымаемся адной веры.
«А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом. Гэта пішам мы, – дадае Ян, – каб радасць нашая была поўнай» (пар. 1 Ян 1, 3-4). Ён пацвярджае паўнату гэтай радасці ў той самай супольнасці, у той самай любові, у той самай еднасці.
Св. Аўгустын