Сам Госпад, поўны любові Настаўнік любові прыйшоў здзейсніць слова на зямлі (пар. Рым 9, 28), як был…

Сам Госпад, поўны любові Настаўнік любові прыйшоў здзейсніць слова на зямлі (пар. Рым 9, 28), як было прадказана пра Яго, і паказаў, што закон і прарокі грунтуюцца на дзвюх запаведзях любові.

Паразважайце разам са мною, браты, у чым сутнасць гэтых дзвюх запаведзяў. Яны павінны быць добра вядомыя вам і не толькі прыгадвацца, але ніколі не знікаць з вашых сэрцаў. Заўсёды разважайце над тым, што трэба любіць Бога і бліжняга: «Любі Госпада Бога твайго ўсім сэр­цам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім; а бліжняга твайго, як самога сябе» (пар. Мц 22, 37. 39).

Над гэтым заўсёды трэба думаць, над гэтым разважаць, гэта захоўваць, гэта рабіць, гэта выконваць. Любоў да Бога – гэта першае ў парадку запаведзяў, а любоў да бліжняга – першае ў парадку выканання. Бо той, хто сярод гэтых дзвюх запаведзяў даў табе наказ любові, не загадаў табе спярша любіць бліжняга, а потым Бога, але спярша Бога, а потым бліжняга.

Паколькі ты не бачыш Бога, то праз любоў да бліжняга становішся годным убачыць Яго. Ка­лі любіш бліжняга, твае вочы становяцца чыстымі, каб убачыць Бога, як гэта выразна кажа Ян: «Калі хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць?» (пар. 1 Ян 4, 20).

Вось, сказана табе: любі Бога. Калі ты папросіш мяне паказаць таго, каго павінен любіць, я адкажу нічым іншым, як словамі Яна: «Бога ніхто ніколі не бачыў» (пар. Ян 1, 18). Аднак, каб ты не лічыў сябе цалкам пазбаўленым магчымасці ўбачыць Бога, Ян гаворыць: «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16). Таму любі бліжняга і прыглядайся, адкуль у табе любоў да бліжняга, і там убачыш Бога, наколькі гэта магчыма.

Св. Аўгустын