Божае Слова адзін раз нарадзілася ў целе (гэта і ёсць Яго прыхільнасць і ласкавасць да чалавека), ад…

Божае Слова адзін раз нарадзілася ў целе (гэта і ёсць Яго прыхільнасць і ласкавасць да чалавека), аднак яно заўсёды з ахвотаю нараджаецца ў духу тых, хто гэтага жадае. У іх яно становіцца дзіцяткам і набіраецца сілаў. Божае Слова ведае, наколькі чалавек здольны прыняць Яго, і настолькі паказвае сябе яму. Яно не абмяжоўвае зайздросна ці сквапна сваёй велічы, але як бы даследуе, наколькі і як Яго могуць успрыняць тыя, хто гэтага жадае. І заўсёды, дзякуючы ўзнёсласці таямніцы, Яно застаецца для ўсіх недасяжным.

З гэтай прычыны Божы Апостал, разважаючы мудра над значэннем таямніцы, кажа: «Ісус Хрыстос той самы ўчора і сёння, і навекі» (Гбр 13, 8). Такім чынам ён, бясспрэчна, мае на ўвазе заўсёды новую таямніцу, якая ніколі не старэе ў рамках нейкага людскога разумення.

Хрыстос Бог нараджаецца. Прыняўшы цела, мудра надзеленае душою, становіцца чалавекам Той, Хто сам стварыў рэчы з нічога. Тым часам на ўсходзе заззяла яркая зорка, якая вядзе мудрацоў да месца, дзе ляжыць уцелаўлёнае Слова, каб паказаць, што Слова, заключанае ў законе і прароках, таямнічым чынам перавышае людское пазнанне і прыводзіць народы да найярчэйшага святла пазнання.

Сапраўды, слова закону і прарокаў, якое разумеецца згодна з духам пабожнасці, вядзе, быццам зорка, тых, хто паводле Божага плану пакліканы сілаю ласкі да пазнання ўцелаўлёнага Слова.

Таму Бог становіцца дасканалым чалавекам, не змяняючы нічога з таго, што належала людской прыродзе, за выключэннем аднаго толькі граху (які таксама не быў уласцівы прыродзе). Кінуўшы цела як нажыву для ненажэрнага змея, што з адкрытай пашчай прагнуў здабычы, Слова выклікала яго на бой. Калі змей здабыў цела, якое павінна было стаць для яго атрутай, то схаваная ў целе Божая моц дашчэнту знішчыла яго. А чалавечай прыродзе гэта прынесла аздараўленне, праз тую самую Божую моц вяртаючы яе да першапачатковай ласкі.

Як калісьці змей пусціў у дрэва пазнання сваю атруту і заразіў ёй прыроду чалавека, даўшы яму пакаштаваць атруты, так сам, намерваючыся паглынуць цела Госпада, быў паранены і знявечаны заключанай у ім Божай сілай.

Вялікая таямніца Божага ўцелаўлення заўсёды застаецца таямніцай. Сапраўды, як Слова, якое ў сваёй асобе сутнасна прысутнічае ў целе, можа ў той жа час і ў той жа асобе сутнасна цалкам знаходзіцца ў Айцу? Як той, Хто па сваёй прыродзе цалкам з’яўляецца Богам, можа цалкам стаць чалавекам па прыродзе? Як пры гэтым ніводная прырода не страціла нічога: ні Божая, у якой Ён ёсць Богам, ні наша, у якой Ён стаў чалавекам?

Гэтыя таямніцы можа спасцігнуць толькі вера, якая, канешне, застаецца сутнасцю і падставай тых рэчаў, якія пераўзыходзяць усялякае адчуванне і рацыянальнае спазнанне.

Св. Максім Вызнаўца