Той, хто захацеў нарадзіцца для нас, не захацеў застацца для нас невядомым, і таму адкрывае Сябе, каб вялікая таямніца любові не стала нагодай для вялікай памылкі.
Сёння Хрыстос увайшоў у рэчышча Ярдана, каб абмыць грахі свету, бо, як сведчыць Ян, дзеля гэтага і прыйшоў: «Вось Агнец Божы, Які бярэ на сябе грэх свету» (Ян 1, 29). Сёння слуга прымае Госпада, чалавек – Бога, Ян – Хрыста; прымае, каб атрымаць прабачэнне, а не ўдзяліць яго.
Сёння, як кажа прарок: «Голас Госпада па-над вадою» (пар. Пс 29 [28], 23). Гэты голас прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» (Мц 3, 17).
Сёння Дух Святы лунае па-над вадою ў выглядзе голуба. Як калісьці голуб абвясціў Ною, што спыніўся сусветны патоп, так і гэты голуб дае знак, што спынілася знішчэнне свету. І ён не прынёс, як Ноеў голуб, галінкі старажытнай алівы, але праліў усё багацце новага памазання на галаву новага Адама, каб споўнілася прадказанае прарокам: «Бог, твой Бог, намасціў цябе алеем радасці больш шчодра, чым роўных табе» (Пс 45 [44], 8).
Св. Пётр Хрызалог