Спрадвечны Айцец паводле абсалютна свабоднай і таямнічай задумы сваёй мудрасці і дабрыні стварыў уве…

Спрадвечны Айцец паводле абсалютна свабоднай і таямнічай задумы сваёй мудрасці і дабрыні стварыў увесь свет, вырашыў узняць людзей да ўдзелу ў Божым жыцці і не пакінуў іх пасля грэхападзення ў Адаме, але няспынна даваў ім дапамогу для збаўлення дзеля Хрыста Адкупіцеля, які «з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння» (Клс 1, 15). Усіх выбраных Айцец перад вякамі «наперад пазнаў і прадвызначыў быць падобнымі да вобразу свайго Сына, каб Ён быў першародным між многімі братамі» (Рым 8, 29). Веруючых у Хрыста Ён вырашыў сабраць у святой Царкве, якая ўжо ад пачатку свету прадказана ў вобразах, цудоўным чынам падрыхтавана ў гісторыі ізраільскага народа і ў Старым Запавеце, устаноўлена ў апошнія часы, абвешчана праз зыход Святога Духа і слаўна споўніцца ў канцы вякоў. Вось тады, як чытаем у святых айцоў, усе справядлівыя, пачынаючы з Адама, «ад справядлівага Абэля аж да апошняга выбранага» будуць сабраныя Айцом у паўсюднай Царкве.

Нарэшце тыя, хто яшчэ не прыняў Евангелля, па-рознаму звязаны з Божым народам. У першую чаргу гэта той народ, які першы атрымаў запавет і абяцанне і з якога паводле цела нарадзіўся Хрыстос (пар. Рым 9, 4-5), народ, умілаваны дзеля айцоў з прычыны выбрання, таму што Бог не шкадуе аб дарах і пакліканні (пар. Рым 11, 28-29). Але план збаўлення ахоплівае таксама тых, хто прызнае Стварыцеля, і сярод іх у першую чаргу мусульман, якія, вызнаючы сваю прыхільнасць да веры Абрагама, пакланяюцца разам з намі адзінаму і міласэрнаму Богу, які будзе судзіць людзей у апошні дзень. Недалёка Бог і ад тых, хто шукае невядомага Бога навобмацак і сярод цялесных выяваў, паколькі Ён усім дае жыццё, дыханне і ўсё (пар. Дз 17, 25-28), таму што Збаўца хацеў, каб усе людзі былі збаўлены (пар. 1 Цім 2, 4). Тыя, хто не па сваёй віне не ведае Хрыстовага Евангелля і Хрыстовай Царквы, але шчырым сэрцам шукае Бога і стараецца пад уплывам ласкі здзейсніць Ягоную волю, пазнаную праз наказ сумлення, могуць дасягнуць вечнага збаўлення. Божы Провід не адмаўляе ў неабходнай для збаўлення дапамозе і тым, хто не па сваёй віне наогул яшчэ не дайшоў да выразнага пазнання Бога, але спрабуе, не без ласкі Божай, весці сумленнае жыццё. Усё, што ў іх ёсць з дабра і праўды, Царква разглядае як евангельскую падрыхтоўку і як дар Таго, Хто асвячае кожнага чалавека, каб ён канчаткова здабыў жыццё.

Дагматычная канстытуцыя пра Царкву
«Lumen gentium» Другога Ватыканскага сабора