Калі заўважаю ў майго брата недасканаласць, якую немагчыма выправіць з прычыны абставінаў або фізічнай ці маральнай слабасці, чаму не зношу цярпліва? Чаму не дапамагаю яму ахвотна згодна са словамі Пісання: «Вас будуць карміць і насіць на руках, і на каленях будуць песціць вас» (Іс 66, 12). Ці не таму менавіта, што не хапае мне той любові, якая ўсё зносіць, якая цярплівая і ласкавая?
Такім ёсць закон Хрыста, які праз сваю муку «ўзяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы» (Іс 53, 4), нёс тых, каго любіў, і любіў тых, каго нёс. Таму той, хто варожа адносіцца да свайго брата, якому пагражае падзенне, хто сочыць за кожным яго спатыкненнем, той без сумнення падпарадкаваўся закону д’ябла і спаўняе яго. Таму будзьма цярплівыя адзін да аднаго, поўныя братняй любові, будзем вучыцца зносіць слабасці і змагацца толькі з правінамі.
Кожная дарога жыцця, якой бы яна не была, настолькі падабаецца Богу, наколькі вялікую мае любоў да Бога, а з увагі на Бога – і да бліжняга. Толькі любоў павінна вырашаць, што належыць зрабіць, а што не, што змяніць, а што не. Любоў з’яўляецца прынцыпам дзейнасці, а таксама мэтаю, да якой трэба імкнуцца. Калі што-небудзь шчыра робіцца для яе і згодна з ёю, ніколі не будзе недасканалым.
Няхай ласкава дасць нам гэтую любоў той, каму мы без яе не можам падабацца, і без якога мы наогул нічога не можам, – Бог, які жыве і валадарыць на вякі вякоў. Амін.
Бл. Ісаак, абат манастыра Стэла