Праўдзівы страх Божы«Шчаслівы кожны, хто баіцца Госпада, хто ходзіць Ягонымі шляхамі» (Пс 128 [127],…

Праўдзівы страх Божы

«Шчаслівы кожны, хто баіцца Госпада, хто ходзіць Ягонымі шляхамі» (Пс 128 [127], 1). Заўжды, калі ў Святым Пісанні гаворыцца пра страх Божы, трэба зважаць на тое, што аднаго яго ніколі недастаткова для паўнаты веры, ён мае на ўвазе многія іншыя перадумовы, дзякуючы якім можна зразумець сутнасць дасканалага страху Божага. Мы разумеем гэта са слоў Саламона ў кнізе Прыпавесцяў: «Калі будзеш заклікаць да розуму і да разважнасці ўзносіць свой голас, калі будзеш шукаць яе, быццам срэбра, і дашуквацца яе, быццам скарбу, тады зразумееш, што такое страх Гасподні» (Прып 2, 3-5).

Паглядзім, па якіх прыступках можна падняцца да страху Божага.

Спярша трэба заклікаць мудрасць і даручыць розуму ўвесь абавязак пазнання, а пасля шукаць мудрасці і разважаць над ёю. Потым трэба зразумець страх Божы. Пры гэтым яго нельга атаесамляць з агульным чалавечым пачуццём страху.

Страх – гэта трапятанне людской слабасці, якая баіцца таго, чаго сабе не жадае. Такі род страху ўзнікае і жыве ў нас ад дакораў сумлення, ад загаду кагосьці больш магутнага, ад нападу мацнейшага, ад хваробы, ад нападу дзікага звера і ад усякага зла.

Таму гэтаму страху не трэба вучыцца, бо ён паходзіць з нашай прыроджанай слабасці. Мы таксама не павінны вучыцца, чаго нам трэба баяцца, бо гэтыя рэчы самі напаўняюць нас страхам.

А вось наконт страху Божага напісана так: «Прыйдзіце, сыны, паслухайце мяне: навучу вас страху Гасподняга» (Пс 34 [33], 12). Таму страху Божага трэба вучыцца, бо яму вучацца. Ён не тое самае, што страх, бо набываецца шляхам пазнання. Ён не вынікае з прыроднага страху, але набываецца праз захаванне запаведзяў, праз добрыя ўчынкі бязвіннага жыцця і пазнанне праўды.

Для нас жа страх Божы заключаецца цалкам у любові, а дасканалая любоў з’яўляецца яго мэтай. Абавязак нашай любові да Бога менавіта ў тым, каб слухаць Яго павучанні, падпарадкоўвацца законам і верыць абяцанням. Паслухаем жа, што кажа Святое Пісанне: «А цяпер, Ізраіль, чаго патрабуе ад Цябе Госпад Бог твой, акрамя таго, каб ты баяўся Госпада Бога свайго, хадзіў шляхамі Ягонымі і любіў Яго, а таксама, каб служыў Госпаду Богу свайму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, каб захоўваў запаведзі Госпада і пастановы Ягоныя дзеля твайго дабра?» (Дрг 10, 12).

Ёсць шмат шляхоў Госпада, хоць Ён сам з’яўляецца шляхам. Але, калі Ён называе сябе дарогай, Ён указвае прычыну гэтай метафары: «Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6).

Св. Гілярый