19 чэрвеня 2022: НЯДЗЕЛЯ УСІХ СВЯТЫХ БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ1. Сёння мы ў асаблівы спосаб узгадваем Усіх Св…

19 чэрвеня 2022: НЯДЗЕЛЯ УСІХ СВЯТЫХ БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ

1. Сёння мы ў асаблівы спосаб узгадваем Усіх Святых Беларускай Зямлі.
Святыя – гэта тыя людзі, якіх ставіць нам у прыклад Каталіцкая Царква. Так сталася, што, хаця у нас, беларусаў-католікаў, ёсць святыя, якія не зазналі мучаніцкай смерці, аднак, усё ж болей тых, якія яе зазналі.
Нашу беларускую зямлю можна без перабольшання назваць зямлёй мучанікаў. Бачна гэта асабліва на прыкладзе мучанікаў, якіх мы асабліва шануем у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. Гэта святамучанік Язафат Кунцэвіч, архібіскуп Полацкі, пяцёра Полацкіх пакутнікаў, святы Андрэй Баболя, блаславёныя Пратулінскія мучанікі, мучанікі 20-га стагоддзя – айцы-марыяне Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота і Экзарх Антон Неманцэвіч, езуіт. Напэўна, імі не вычэрпваецца спіс беларускіх волатаў веры, аднак іх лёс шмат гаворыць нам пра сапраўдныя каштоўнасці. Давайце ж пазнаёмімся з ім, нашым малым спісам.

2. На чале гэтага малога спісу – святамучанік Язафат Кунцэвіч. Так, як і належыць: ён першы, бо ён біскуп, галава памеснай Царквы. Ён без ваганняў аддаў сваё жыццё за Еднасць Царквы. Яго ахвяра прынята Богам і Царквою – яго мошчы ляжаць у базыліцы св. Пятра ў Рыме, разам з мошчамі святых Папаў.
Наступныя ў спісе – гэта манахі-базыльяне, якіх Пётр Першы разам са сваімі прыспешнікамі пасек ў полацкай Сафіі. За што пасек? За тое, што былі ўніятамі, што хацелі быць праваслаўнымі ў адзінстве з Рымскай Апостальскай Сталіцай. Яшчэ больш жахлівая смерць сустрэла святога Андрэя Баболю. Ён быў жорстка закатаваны казакамі. За што? За тое, што служыў вернікам-уніятам, якія засталіся без душпастырскай дапамогі, за тое, што не хацеў адрачыся сваёй каталіцкай веры.
Далей ідуць Пратулінскія мучанікі, якія былі расстраляныя царскімі войскамі. За што? За тое, што не захацелі перайсці ў царскае “праваслаўе”.
Апошнія ў спісе – айцы-марыяне архімандрыт Фабіян і архімандрыт Андрэй ды езуіт – экзарх Антон. Экзарх Антон быў замучаны нацыстамі ў турме, а айцы-марыяне, то яны могуць быць прыкладам вернасці сваёй веры ў самых складаных сітуацыях. Спачатку яны пакутуюць на чужыне, свядомыя таго, што не могуць паслужыць сваім землякам-беларусам. Потым пакутуюць у савецкіх, сталінскіх лагерах, дзе знайшлі мучаніцкую смерць.

3. Сумная гісторыя. Але гэта зямная гісторыя. Мы ж, святкуючы памяць усіх Святых Беларускай Зямлі, хоць і сумуем, але і радуемся, бо верым, што ў Бога не заканчваецца жыццё пакутамі ды няўдачай.
Святы Айцец, Папа Францішак, нядаўна ў сваім казанні разважаў пра кар’еру ў Царкве. Ён выразна паказаў, што кар’ера ў Царкве нешта зусім іншае, чым кар’ера ў гэтым свеце. Нашыя мучанікі, хоць не ўсе яны абвешчаны афіцыйна святымі, зрабілі сабе кар’еру ў Царкве сярод пакутаў і прыніжэнняў. Яны асягнулі адзіную праўдзівую мэту, якая можа быць у гэтым жыцці, – упадобніліся нашаму Госпаду Ісусу Хрысту.
Усе яны змаглі дасягнуць сваёй мэты між іншым таму, што мелі адну вялікую якасць. Яны не былі абыякавымі. Варта сёння запытаць самога сябе: а ці я маю такую цноту? Ці я маю веру, перакананні, за якія гатовы нечым ахвяраваць. Людзі, якія робяць кар’еру ў гэтым свеце, прыкладаюць сур’ёзныя высілкі, вытрачаюць час і грошы. А ці я здольны распачаць сваю кар’еру ў Царкве? Ці я здатны нечым ахвяраваць для Бога і Каталіцкай Царквы?
Сёння мы, узгадваючы Усіх Святых Беларускіх, давайце вялікімі літарамі ў сэрцах запішам наш малы спіс мучанікаў за Еднасць: святы Язафат Полацкі, Полацкія пакутнікі, святы Андрэй Баболя, Пратулінскія мучанікі, архімандрыты Фабіян і Андрэй, Экзарх Антон.
Такі вось наш малы спіс… і такі вялікі… Амін. (а. Андрэй Буйніч).