Больш за тое, усё, што Ён прыняў ад нас, цалкам прызначыў для нашага збаўлення. Ахвяраваў сваё цела Богу Айцу як уміласціўленне за нас. Сваю кроў праліў дзеля нашага адкуплення і абмыцця, каб мы, выкупленыя з няшчаснай няволі, былі ачышчаныя ад усіх грахоў.
Але каб памяць пра такое вялікае дабрадзейства жыла ў нас заўсёды, Ён пакінуў сваім верным у постаці хлеба і віна сваё Цела як спажытак і Кроў як напой.
О дзівосная і цудоўная гасціна, збавенная і поўная ўсялякай слодычы! Што ж можа быць яшчэ больш цудоўным? Ужо не мяса казлоў і цяльцоў, як у Старым Запавеце, але сам Хрыстос, праўдзівы Бог, ахвяруецца як спажытак.
Ніводзін іншы сакрамэнт не з’яўляецца больш збавенным; ён знішчае грахі, памнажае цноты, шчодра насычае душу духоўнымі дарамі.
У Царкве Эўхарыстыя служыцца як за жывых, так і за памерлых, каб дапамагаць усім, бо была ўстаноўлена дзеля дабра ўсіх.
Урэшце, ніхто не можа выказаць слодычы гэтага сакрамэнту. Праз яго пазнаецца смак духоўнай радасці каля самай крыніцы; праз яго ўшаноўваецца памяць непараўнальнай любові, засведчанай Хрыстом падчас Мукі.
Каб веліч гэтай любові найдасканалей была ўпісана ў сэрцы вернікаў, пасля спажыцця Апошняй Вячэры разам са сваімі вучнямі, калі намерваўся перайсці з гэтага свету да Айца, Хрыстос устанавіў гэты сакрамэнт як вечны ўспамін сваёй Мукі, як спаўненне даўніх прадказанняў, як найбольшую сваю справу, і пакінуў як асаблівае суцяшэнне для тых, хто смуткуе з прычыны Ягонага адыходу.
Св. Тамаш Аквінскі