Я буду хадзіць сярод вас і буду вашым Богам, а вы будзеце Маім народам (Лев 26, 12)Што такое Божае а…

Я буду хадзіць сярод вас і буду вашым Богам, а вы будзеце Маім народам (Лев 26, 12)

Што такое Божае абяцанне збаўлення?

Чалавек зграшыў, адкінуў тое, да чаго заклікаў яго Госпад. У выніку граху ў свет прыйшла смерць. Чалавек не дасягнуў богападобнасці, страціў рай, парушылася гармонія паміж Творцам і стварэннем. Аднак Бог не адварочваецца ад чалавека, але працягвае быць з ім, апякуецца ім і абяцае яму збаўленне.

Абяцанне збаўлення — гэта Божае абяцанне, у якім Ён запэўнівае чалавека ў нязменнасці Свайго плана адносна яго богападобнасці і абагаўлення. Божае абяцанне збаўлення спаўнялася ў гісторыі чалавецтва паэтапна праз выбраны Богам народ, які верыў і супрацоўнічаў з Богам.

Адаму і Еве Бог абвяшчае сваё абяцанне збаўлення адразу пасля іх грэхападзення. У Святым Пісанні чытаем, што Бог сказаў змею: «Я пакладу варожасць паміж табою і жанчынай, паміж нашчадкамі тваімі і нашчадкам яе. Ён разаб’е табе галаву, і ты будзеш джаліць яму пяту» (Быц. 3, 15). Гарантыя гэтай перамогі паходзіць не з чалавечых намаганняў, але з Божага Слова, дадзенага ў Абяцанні. Гэтую першую добрую вестку аб збаўленні чалавека Царква называе «Протаевангеллем». Гэтае абяцанне здзяйсняецца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва праз выбраны Богам народ, які паверыў і прыняў Божае абяцанне аж да прыходу чаканага Месіі – Ісуса Хрыста, Сына Божага – і Яго абвяшчэння Евангелля.

Бог даў абяцанне Ною і яго сынам: «Вось Я заключаю запавет Мой з табою і з нашчадкамі тваімі пасля цябе, і з усімі жывымі істотамі» (Быц 9, 9-10).

Бог заклікае Абрагама стаць бацькам усіх вернікаў і абяцае яму: «Я выведу з цябе вялікі народ і бласлаўлю цябе; і ўзвялічу імя тваё, і ты будзеш блаславеннем. Я бласлаўлю тых, хто бласлаўляе цябе, і пракляну таго, хто праклінае цябе. Праз цябе блаславяцца ўсе плямёны зямлі» (Быц 12, 2-3).

Сваё абяцанне згодна з гэтым Саюзам Бог пацвярджае нашчадкам Абрагама – Ісааку (Быццё 26:3-4) і Якубу (Быццё 28:13-15). У Егіпце нашчадкі Якуба, як і абяцаў Госпад, выраслі ў вялікі народ (Быц 46, 3), а выхад з Егіпта, пераход праз пустыню і заваяванне зямлі абяцанай пацвердзілі вернасць Бога свайму абяцанню.

Бог верны свайму абяцанню. Ён даў абяцанні Адаму і Еве, Ною, Абрагаму, Ісааку і выканаў іх, хаця з чалавечага пункту гледжання зрабіць гэта было немагчыма. Да гэтага часу абяцанні былі аднабаковымі: Бог абяцае і выконвае сваё абяцанне. Вызваліўшы выбраны народ з егіпецкага рабства, Бог на гары Сінай зноў заключае саюз, але цяпер ужо – з народам, правадыром якога з’яўляецца Майсей. Праз Майсея Бог дае свае запаведзі ў якасці кіраўніцтва.