З першых радкоў Святога Пісання мы даведваемся пра Бога — Творцу, Які стварае свет у бясконцай велічы: космас, прыроду, чалавека. Святое Пісанне сведчыць, што праз стварэнне мы пазнаем Творцу: «Бо з велічы і прыгажосці стварэнняў, праз падабенства можна пазнаць Творцу іх» (Мдр 13, 5).
“Нішто іншае не магло быць прычынай існавання свету, як толькі Бог, Які Сам, будучы Добрым, стварыў тое, што карысна; Сам Мудры стварыў тое, што прыгожае; сам Магутны стварыў тое, што вялікае. І так Ён аб’явіўся табе, нібы мастак, які не толькі ведае быццё ўсіх рэчаў, але і гарманічна злучыў асобныя часткі і давёў цэлае да цудоўнай гармоніі і згоды”. (св. Васіль Вялікі)
Асаблівым стварэннем Божым з’яўляецца чалавек, якога Госпад Бог надзяліў вялікай годнасцю і ўладай. Ён пасяліў яе ў Эдэмскім садзе. У ім чалавек меў блаславёнае і шчаслівае жыццё. Усё, што стварыў Бог, Ён падараваў чалавеку і ўпаўнаважыў яго працягваць Яго справу стварэння. Чалавек, атрымаўшы Божыя дары, пакліканы памнажаць іх, развіваць, клапаціцца пра іх. Бог стварыў гэты свет для чалавека, даручыў яму ўпарадкаваць яго (Пс 8, 5–7), і таму чалавек нясе за яго маральную адказнасць (пар. Быц 1, 28).
У свеце, створаным Богам, пануе гармонія, таму чалавек можа належна дзейнічаць у ім толькі тады, калі ён знаходзіцца ў еднасці з Богам, захоўвае ўстаноўлены Ім парадак і вызначаную Ім мэту. Калі чалавек, дзякуючы працы сваіх рук і сваім здольнасцям, адкрывае таямніцы прыроды і правільна ўпарадкоўвае свет, тады ён спазнае веліч і прысутнасць Бога-Стварыцеля. Чалавек, які сваёй дзейнасцю наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, знішчае Божае стварэнне, неад’емнай часткай якога ён сам з’яўляецца. Ён грашыць у адносінах да стварэння, у адносінах да сябе і Бога.