Ісус навучыў нас любіць Яго, калі першым палюбіў нас ажно да смерці на крыжы, а сваёй любоўю заахвоц…

Ісус навучыў нас любіць Яго, калі першым палюбіў нас ажно да смерці на крыжы, а сваёй любоўю заахвоціў нас любіць Яго, бо Ён першы да канца палюбіў нас.

І сапраўды, так ёсць: Ты першым палюбіў нас, каб мы любілі Цябе. І не таму, што Табе неставала нашай любові, а таму, што без любові да Цябе мы не маглі стаць тым, для чаго Ты нас стварыў.

Таму шмат разоў і «па-рознаму прамаўляў Бог да айцоў нашых праз прарокаў, а ў гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1) – сваё Слова. «Праз Яго былі створаны нябёсы, а ўсякая іх моц – дыханнем вуснаў Ягоных» (Пс 33 [32], 6).

Твая прамова праз Твайго Сына была ні чым іншым, як ясным, нібы сонечнае святло, сведчаннем таго, наколькі моцна Ты палюбіў нас. Ты не пашкадаваў нават уласнага Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас. І Ён таксама палюбіў нас, і аддаў Сябе Самога за нас (пар. Рым 8, 32. 37).

Калі ўвесь свет быў апанаваны глыбокай цішай, гэта значыць, глыбокай аблудай, Тваё Слова, звернутае да нас, Госпадзе, гэтае ўсемагутнае Слова сышло з каралеўскага пасаду як грозны ваяр супраць грахоў і мілы даўца любові.

І што б Ён ні сказаў, што б ні зрабіў на зямлі, аж да цярпення зняваг, пляўкоў і поўхаў, ажно да крыжа і пахавання – усё гэта было ні чым іншым, як Тваім Словам да нас, заключаным у Сыне. Праз Тваю любоў Яно абуджала і распальвала нашую любоў да Цябе.

Божа, Стварыцель душ, Ты ведаў, што ў душах сыноў чалавечых гэтае пачуццё любові не можа ўзнікнуць пад прымусам, яго можна толькі абу­дзіць. Бо там, дзе ёсць прымус, няма свабоды, а дзе няма свабоды, няма справядлівасці.

Трактат «Сузіранне Бога» Вільгельма, абата кляштара св. Тэадорыка