Неабходна паглыбляцца ў Хрыста, Які ёсць правобразам шчодрай капальні, у нетрах якой схавана мноства…

Неабходна паглыбляцца ў Хрыста, Які ёсць правобразам шчодрай капальні, у нетрах якой схавана мноства скарбаў. І як бы глыбока хтосьці не капаў, усё роўна не дасягне ні яе дна, ні межаў. Больш за тое, то тут, то там у кожным закутку можна знайсці новыя залежы новага багацця.

З гэтай прычыны апостал Павел гаворыць пра Хрыста: «У ім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання» (Клс 2, 3). Душа можа пранікнуць у іх і дасягнуць іх, толькі прайшоўшы праз глыбіні цяжкай працы, праз унутраныя і вонкавыя цярпенні. Для гэтага таксама неабходна спярша атрымаць ад Бога шматлікія разумовыя і пачуццёвыя дабрадзействы і прайсці праз доўгія духоўныя практыкаванні.

Усё гэта падпарадкавана намеру пранікнуць у вялікія глыбіні пазнання таямніцаў Хрыста, якія з’яўляюцца мудрасцю, вышэйшай за ўсё, чаго можна дасягнуць у гэтым свеце.

Няхай бы людзі, нарэшце, прызналі, што ніяк не ўдасца дасягнуць глыбіняў багацця мудрасці Божай, калі не пройдзеш спярша праз глыбіні цяжкай працы і шматлікія цярпенні, каб душа суцешылася і наталіла сваё жаданне. Бо перш чым пажадаць Божай мудрасці, душа павінна імкнуцца ўвайсці ў глыбіню крыжа.

Таму св. Павел заахвочвае Эфесцаў не стамляцца ў цярпеннях і, «укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, і напоўніцца ўсёй паўнатою Божай» (пар. Эф 3, 17).

Брамай, якая вядзе да гэтага багацця, з’яўляецца крыж, і гэтая брама вузкая. Многія шукаюць толькі саміх задавальненняў, якія схаваны за брамай, і зусім няшмат людзей жадае прайсці праз яе.

Св. Ян ад Крыжа