Казанне на Раство ХрыстоваХрыстос нараджаецца – у нашым сэрцы.1. Людзі святкуюць розныя падзеі свайг…

Казанне на Раство Хрыстова
Хрыстос нараджаецца – у нашым сэрцы.

1. Людзі святкуюць розныя падзеі свайго асабістага і грамадскага жыцця: дні нараджэння, угодкі заснавання дзяржаваў, арганізацый, карпарацый або ўгодкі паўстанняў, рэвалюцый. Усе гэтыя святкаванні маюць на мэце застацца ў памяці. Занесці гэтую падзею назаўсёды ў каляндар Гісторыі, ці нават Панадгісторыі. Вынесці асабістыя падзеі людзей, супольнасцяў ці дзяржаў за прастору гэтага часу ў вечнасць, туды, дзе гарантавана трываласць і упэўненасць – вось свядомае ці інтуітыўнае жаданне ўсіх людскіх святкаванняў.

Нараджэнне Госпада нашага Ісуса Хрыста, якое мы кожны год святкуем, “дзейнічае” наадварот. Менавіта Раство Хрыстова прыносіць трываласць, бо дзве тысячы гадоў таму Вечнасць увайшла ў нашую гісторыю. І цяпер трываласць і ўпэўненасць пасялілася на зямлі ў душы кожнага чалавека добрай волі. Упэўненасць у добрым, у трываласці таго, што з’яўляецца каштоўнасцю для кожнага чалавека, – Дабра, Любові, Міру.

Зарукаю гэтага ёсць Цар Вечнасці, які стварыў неба і зямлю і прыходзіць цяпер застацца з Вянцом Стварэння – Чалавекам – назаўсёды. І ніякія хваляванні, буры і віхуры прыродныя ці надпрыродныя, крызісы ці дэпрэсіі, ці злая воля людзей не змогуць перакрэсліць ці засланіць гэтага паслання з Бэтлеему. “Бог дадзены нам” – а значыць той, хто хоча быць з Ім, будзе трываць вечна.

2. Калісьці выдатны ангельскі пісьменнік Г. К. Чэстэртон ужыў выдатную алегорыю на Раство. Агульна яе перадаць можна так: свет ад даўніх часоў, часоў граху Адама стаіць дагары нагамі. Бог, каб паставіць яго на правільнае месца, зышоў пад зямлю, каб тое неба, якое там пасялілася, перакуліла свет. Ён меў на ўвазе пячору бэтлееемскую, у якой нарадзіўся Хрыстос.

Гэтая алегорыя дазваляе нам зразумець стан чалавецтва і неабходнасць зменаў у ім. Мы можам глядзець навокал і шукаць, што можам змяніць. Змяніць у нашай сям’і, на нашым месцы працы, у горадзе. Занадта шмат недасканаласці навокал, а нават гора, і болю, і несправядлівасці. І Свет безумоўна патрабуе адновы, паляпшэння, выпраўлення, але гэта будзе магчыма, калі Бог яшчэ раз зыйдзе у пячору і народзіцца там, каб перакуліць з галавы на ногі адзін свет – свет яшчэ аднаго чалавека.

А глыбокай пячорай у дадзеным выпадку будзе глыбіня сэрца чалавечага. Мяне і Цябе. Кожнага з нас. Каб аднавіць свет трэба, каб мы яшчэ раз пачулі Хвала на вышынях Богу, а на зямлі добрая воля сярод людзей з сярэдзіны нас.

Хрыстос нараджаецца – у нашым сэрцы. Славім Яго!
(а. Яўген Усошын)