БОГАЗЬЯЎЛЕНЬНЕ (Вадохрышча)6 студзеня наша Царква будзе адзначаць урачыстасьць Богазьяўленьня Госп…

БОГАЗЬЯЎЛЕНЬНЕ (Вадохрышча)

6 студзеня наша Царква будзе адзначаць урачыстасьць Богазьяўленьня Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Богазьяўленьнем (Тэафаніяй) гэтае сьвята называецца таму, што ў час Хросту Гасподняга аб’явілася ўсяму сьвету Сьвятая Тройца (Мц 3.13-17). Бог Айцец прамовіў з неба пра Сына, Сына хрысьціў Ягоны Прадвесьнік Ян, а Дух Сьвяты зышоў у выглядзе голуба.

З першахрысьціянскіх часоў гэтае сьвята носіць назву Асьвячэньня і сьвята Сьвятла, бо Бог ёсьць сьвятлом і прыйшоў, каб асьвяціць тых, «хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці» (Мц 4.16). Сьвяты Ян з Дамаску казаў, што Хрыстос прыняў Хрост не таму, што патрабаваў ачышчэньня, але каб «у вадзе пахаваць людзкія грахі», выканаць Закон, паказаць таямніцу Сьвятой Тройцы і даць нам узор і прыклад для нашага Хросту.

Сэнс гэтага сьвята ў тым, што Госпад явіў Сябе ўсяму стварэньню ў трох Асобах: Айцец сьведчыў з вышыні пра боскае сыноўства Ісуса, Сын атрымаў гэтае сьведчаньне ад Айца, а Дух Сьвяты сышоў ад Айца ў выглядзе голуба і спачыў на Сыне. Гэта першая праява найвялікшай з усіх таямніц «адзінасутнай і неразьдзельнай» Сьвятой Тройцы – дактрыны, унікальнай для хрысьціянства.

Публічнае служэньне нашага Госпада Ісуса пачалося з Ягонага хросту ў рацэ Ярдан з рук Прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна. Хрышчэньне зьяўляецца сымбалем сьмерці і ўваскрасеньня, бо Хрыстос уцелавіўся, каб памерці і ўваскрэснуць з мёртвых. Хрышчэньне ёсьць сымбалем пакаяньня і прабачэньня, бо Хрыстос прыйшоў як Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх сьвету. Хрышчэньне зьяўляецца сымбалем асьвячэньня, бо Хрыстос прыйшоў, каб асьвяціць усё стварэньне. Хрышчэньне зьяўляецца сымбалем радыкальнага абнаўленьня. Кожны раз, калі нехта хрысьціцца, старое стварэньне зьнікае і нараджаецца новае. Хрыстос зьявіўся, каб зрабіць усё новым. Такім чынам, акт хросту зьмяшчае ў сабе ўсю таямніцу Хрыста, усю мэту Ягонага прыйсьця.

Кожны год у сьвята Богазьяўленьня ў нашых храмах зьдзяйсьняецца вялікі цуд. Сьвяты Дух сыходзіць на ваду і зьмяняе яе прыродныя ўласьцівасьці. Асьвячаная вада атрымлівае ласку лячыць хваробы, адганяць дэманаў і ўсялякую нячыстую сілу, захоўваць людзей і іх жыльлё ад усялякай небясьпекі, а таксама асьвячаць розныя прадметы, ці то для выкарыстаньня ў царкве, ці то ў нашых дамах. Нам трэба спажываць асьвячаную падчас Богазьяўленьня ваду з вялікай пашанай, заўсёды памятаючы, што мы і ўсё Боскае стварэньне былі адкупленыя Самім Творцам, які цяпер яўляе Сябе як адзінага Бога ў трох асобах: Айца, Сына, і Духа Сьвятога.