кіх салдатаў у ваколіцах Слоніма, нават тады, калі там лютавала эпідэмія тыфу, а ягоны таварыш у гэ…

кіх салдатаў у ваколіцах Слоніма, нават тады, калі там лютавала эпідэмія тыфу, а ягоны таварыш у гэтых візітах айцец Ян Гермацюк, заразіўшыся, памёр.

Іншым, недасьледваным асьпектам духоўнага служэньня Альбярцінскай Місіі езуітаў і а. Антона Неманцэвіча, ёсьць дапамога перасьледаваным яўрэям.

Чужой для а. Антона Неманцэвіча была нацыянальная абмежаванасьць. У першай палове 1920-х гг. у Маскве ў касьцёле сьвятых Пятра і Паўла ён служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасьці і за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў для працы на ўкраінскія парафіі на Валыніі і Холмшчыне. Найбольш блізкай, аднак, была для яго праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса «Да злучэньня», які ў 1936 г. быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон закладаў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо як Экзарх (на пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г.) заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».

Асаблівае сьведчаньне вернасьці Евангельлю прыйшлося Экзарху Антону Неманцэвічу скласьці падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Ён актыўна працаваў тады як пастыр, пашыраючы навучаньне пра свой ідэал – зьяднаную Царкву. Айцец Леў Гарошка ў сваіх успамінах сьведчыць, што айца Неманцэвіча неаднаразова папярэджвалі, каб быў ён больш абачлівы, бо ягоная актыўнасьць не падабаецца нямецкім акупацыйным уладам. Для нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў была небясьпечнай, пра што сёньня сьведчаць дакументы нацыстаў, які ў іх адкрыта называлі Царкву сваім ворагам.

Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня і палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу «пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы». Быў арыштаваны нацыстамі ў жніўні 1942 году і замучаны ў менскай турме СД. Пахаваны 9.01.1943 г. на нямецкіх лютэранскіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы.