Пастарайцеся часцей збірацца на Эўхарыстыю Госпаду для Яго праслаўлення. Бо калі вы часта збіраецеся…

Пастарайцеся часцей збірацца на Эўхарыстыю Госпаду для Яго праслаўлення. Бо калі вы часта збіраецеся ў адным і тым жа месцы, слабее моц сатаны, а ваша згодная вера абясшкоджвае згубу, якую ён прыносіць. Няма нічога больш каштоўнага за мір, які робіць дарэмнай усякую варожасць зямных і нябесных непрыяцеляў.

Усяго гэтага дасягнеце, калі ў вас будзе дасканалая вера і любоў да Хрыста, бо яны з’яўляюцца пачаткам новага жыцця і яго канчатковай мэтай: вера – гэта пачатак, а любоў – канчатковая мэта. Спалучэннем абедзвюх ёсць сам Бог, а ўсе астатнія дабрадзейнасці паходзяць з гэтых дзвюх. Хто вызнае веру, не памыляецца, а хто вызнае любоў, не мае нянавісці. Дрэва пазнаецца па пладах (пар. Мц 12, 33), а тых, хто кажа, што паходзяць ад Хрыста, можна пазнаць па ладзе жыцця.

Лепей маўчаць і быць, чым казаць і не быць. Навучанне добрае тады, калі выконваецца тое, чаму вучаць. Таму толькі адзін Настаўнік, той, які сказаў і сталася, і тое, што Ён зрабіў у цішы, таксама вартае Айца. Кожны, хто разумее словы Хрыста, той зможа зразумець і Яго маўчанне і такім чынам стаць больш дасканалым: дзейнічаць словам і пазнаваць у маўчанні. Нішто не схавана ад Госпада, і ўсе нашы таямніцы вядомы Яму. Будзем рабіць усё так, быццам Ён жыве ў нас, каб стаць Ягонай святыняй, а Ён каб стаў нашым Богам у нас. Ён з’яўляецца ім насамрэч і аб’явіцца нам, калі мы сапраўды Яго любім.

Тыя, хто разбурае сем’і, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага (пар. 1 Кар 6, 9-10). Калі тыя, хто рабіў гэтак паводле цела, ужо былі пакараныя смерцю, наколькі больш павінен быць пакараны той, хто скажоным вучэннем разбураў бы веру ў Бога, за якую Ісус Хрыстос быў укрыжаваны. Той, каго б запляміў такі ўчынак, пойдзе ў непагасны агонь разам з тым, хто яго слухае.

Госпад дзеля таго дазволіў намасціць сваю галаву, каб напоўніць Царкву незнішчальнасцю. Не дазваляйце намасціць сябе брыдкім вучэннем князя гэтага свету, каб не схапіў вас у палон замест абяцанага жыцця. Чаму мы ўсе не становімся разумнымі, атрымліваючы пазнанне Бога, якім ёсць Ісус Хрыстос? Чаму безразважна гінем, не прызнаючы дару, які сапраўды спаслаў нам Госпад?

Св. Ігнат Антыёхскі