Прыводзім фрагмент ейных успамінаў:
“Іграем мы ў Лідзе некалькі дзён. Абедаць ходзім у рэстаран, у гасцініцы. Прыкмячаю: дзяўчына, афіцыянтка наша, такая ўжо панурая — не сумная, не журботная, а менавіта панурая, штосьці нават ад старой у твары, губы апушчаныя, горбіцца — проста ў вочы гэта кідаецца і дзень, і два, і тры… Я ўзяла ды кажу ёй: «Мілая, у вас што-небудзь здарылася? Няшчасце якое-небудзь?» — «Не, нічога».— «А чаму вы і сёння такая невясёлая?» — «А я заўсёды такая».— «Дык вы пасрабуйце хаця злёгку ўсміхнуцца. Вось быў бы сапраўдны гаспадар у гэтага рэстарана, ён бы вас зволіў». Яна ўсміхнулася — і зусім іншы твар, нават і ўявіць цяжка, што гэта адзін і той жа чалавек! Я кажу: «О, вось гэта іншая справа! Вы ж зусім другая, паглядзіце ў люстэрка». Яна, яшчэ нясмела ўсміхаючыся, адышла. I я забылася на яе. А назаўтра ідзём мы па вуліцы, а яна — на процілеглым баку. Убачыла мяне — і як стала ўсміхацца, быццам ужо не можа стрымацца — шырока, весела, шчыра і вольна так. Я нават засмяялася…
Ты глядзі, як чалавек зроблены. Усё ў ім ёсць. I шмат добрага ён сам у сабе кудысьці хавае, падмінае, калі нават і няма прычыны. Я разумею, наша жыццё ўвогуле нярэдка проста жахлівае. Дык таму і патрэбны сілы — і грэх сваё здаровае і светлае забіваць некуды ў куток…” (з кнігі Аляксандра Станюты. Стэфанія. Мінск. 1994 г.).