«Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі» (Ян 14, 15). «Гэта наказваю вам, каб вы любілі а…

«Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі» (Ян 14, 15). «Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго» (Ян 15, 17). Хто не любіць бліжняга, той не захоўвае запаведзі, а хто не захоўвае запаведзі, той не можа любіць Бога.

Шчаслівы чалавек, які можа любіць усіх без адрознення.

Хто любіць Бога, той усім сэрцам любіць таксама бліжняга. Такі чалавек не затрымлівае для сябе таго, што мае, але з сапраўднай Божай шчодрасцю дзеліцца з патрабуючымі.

Той наследуе самога Бога, хто, аказваючы дапамогу, не робіць розніцы паміж чалавекам добрым і дрэнным, справядлівым і несправядлівым, але ўсіх адорвае паводле патрэб, хоць з увагі на праведнасць больш цэніць чалавека годнага і адданага, чым нягодніка.

Любоў выражаецца не толькі ў раздаванні маёмасці, але яшчэ больш у дзяленні Божай навукай і ў асабістым служэнні бліжнім.

Хто сапраўды і ад сэрца адкідвае спакусы свету, а таксама шчыра прысвячае сябе служэнню бліжняму, той, вызваліўшыся хутка ад усялякай страсці і заганы, дасягне любові і пазнання Бога.

Хто мае ў сабе Божую любоў, той па прыкладзе прарока Ераміі не марудзіць і не знеахвочваецца ў наследаванні Госпада, свайго Бога, але мужна церпіць цяжары, знявагі і несправядлівасць, не жадаючы нікому зла.

«Не кажыце, – заклікае прарок Ерамія, – “святыня Госпада”» (Ер 7, 4). Ты таксама не імкніся казаць: «Сама вера ў Госпада майго, Ісуса Хрыста, можа мяне збавіць». Не станецца так, калі сваімі ўчынкамі не здабудзеш любові да Яго. Наконт самой веры паслухай: «Злыя духі таксама вераць і дрыжаць!» (Як 2, 19).

Выяўленнем любові ёсць сэрца, гатовае рабіць дабро бліжняму, велікадушнасць і цярплівасць, а таксама разумнае выкарыстанне створаных рэчаў.

Св. Максім Вызнаўца