Малітва – святло душыМалітва і размова з Богам – гэта найвялікшае дабро, бо гэта супольнасць і еднас…

Малітва – святло душы

Малітва і размова з Богам – гэта найвялікшае дабро, бо гэта супольнасць і еднасць з Богам. Як цялесныя вочы, гледзячы на святло, асвятляюцца, так і дух, заглыблены ў Богу, зведвае асвятленне Ягоным невыказным святлом. Тут гаворыцца пра малітву, якая не з’яўляецца звычкай, але выходзіць з душы; пра малітву, якая не прадпісваецца на акрэсленыя гадзіны, але няспынна працягваецца ўдзень і ўначы.

Наш дух павінен быць звернуты да Бога не толькі падчас малітоўнага засяроджання, але і тады, калі мы занятыя якімі-небудзь абавязкамі. Тады нашыя думкі і жаданні таксама павінны спалучацца з Богам, каб тое, што робім, было прыпраўлена соллю Божай любові.

Малітва – гэта святло душы, сапраўднае пазнанне Бога. Яна пасрэдніца паміж Богам і людзьмі. Чалавечы дух, узнесены малітвай, дасягае нябеснай вышыні і ахоплівае Бога ў невыказных абдымках, прагнучы боскага малака, як дзіця, што кліча плачам сваю маці; ён выказвае свае жаданні і атрымлівае дары непараўнальна лепшыя за ўсякую бачную рэчаіснасць.

Малітва, як годная пашаны пасрэдніца перад Богам, радуе чалавечы дух і заспакойвае яго ўзрушэнні. Аднак не думай, што малітва, пра якую кажу, заключаецца ў словах. Малітва – гэта жаданне, скіраванае да Бога; гэта невымоўная любоў, што паходзіць не ад чалавека, але выклікана Божай ласкай, пра якую кажа Апостал: «Мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (пар. Рым 8, 26b).

Св. Ян Залатавусны