Сёння, у сераду пасля нядзелі Расслабленага, у сярэдзіне Пяцідзясятніцы, а менавіта паміж Вялікаднем…

Сёння, у сераду пасля нядзелі Расслабленага, у сярэдзіне Пяцідзясятніцы, а менавіта паміж Вялікаднем і святам Зыходу Святога Духа, Царква адзначае свята Паловы Пяцідзясятніцы. Сінаксар гэтага дня так тлумачыць з’яўленне свята: «У сераду Расслабленага спраўляем свята Паловы Пяцідзясятніцы ў гонар двух вялікіх святаў — Вялікадня і Пяцідзясятніцы. Палова яднае і злучае абодва гэтыя святы». Свята мае васьмідзённае пасвяцце да серады пасля нядзелі самаранкі.

Аснову гэтага свята Царква ўзяла са Святога Евангелля, дзе сказана, што ў сярэдзіне свята Кучак Ісус Хрыстос «увайшоў у храм і пачаў вучыць» (Ян. 7, 14). Ён гаварыў пра Яго Боскую місію і пра таямнічую ваду: «Мая навука – не мая, — сказаў Хрыстос, — але Таго, Хто паслаў Мяне… Хто прагне, няхай прыходзіць да Мяне і п’е!» Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, пацякуць рэкі вады жывой!» «Такім чынам, Ён сказаў пра Духа, каб тыя, хто верыць у Яго, прынялі Яго» (Ян 7, 16 і 37-39).

Гэтае свята існавала ўжо ў часы святога Яна Залатавуста († 407 г.). Укладанне службы свята прыпісваюць Анатолю, Канстанцінопальскаму патрыярху († 458 г.), святому Андрэю Крыцкаму († 740), святому Яну Дамаскіну († каля 749) і святому Тэафану Вызнаўцу († 817).

Свята Паловы Пяцідзясятніцы заклікана ўмацаваць нашу веру ва ўваскрослага Хрыста, заахвоціць да выканання Божых запаведзяў і падрыхтаваць да Узнясення Гасподняга і Зыходу Святога Духа. На ютрані гэтага дня спяваем: «Асветленыя, браты, Уваскрасеннем Збаўцы Хрыста і дасягнуўшы паловы свята Гасподняга, шчыра захаваем запаведзі Божыя, каб быць годнымі і святкаваць Узнясенне і атрымаць прышэсце Святога Духа».