Святы Ян Залатавусны ў сваёй пропаведзі на Узнясенне гаворыць: «Сёння род чалавечы дасканала прыміраны з Богам. Знікла даўняя барацьба і варожасць. Мы, што былі не годныя жыць нават на зямлі, узнесеныя на Неба. Сёння мы становімся спадкаемцамі Нябеснага Валадарства, мы, што не вартыя і зямнога, ідзем на Неба і ўспадкоўваем пасад Валадара і Госпада. А чалавечая прырода, ад якой херувім абараняў рай, цяпер узвышана над усялякім херувімам».
У помніках першых трох стагоддзяў пра гэтае свята нічога не сказана. Не згадвае яго і пісьменнік Арыген († каля 251), які пералічвае хрысціянскія святы ў восьмай кнізе сваёй працы «Супраць Цэльсія». Знаўцы абрадаў лічаць, што ў першыя тры стагоддзі гэтае свята адзначалася разам са святам Спаслання Святога Духа. Сільвія Аквітанская не называе гэтае свята Узнясеннем, а толькі «саракавым днём пасля Вялікадня».
У IV стагоддзі свята Гасподняга Узнясення становіцца агульнапрызнаным. Гісторык Сакрат († каля 440 г.) называе яго «ўсенародным святам» (Гісторыя Царквы, 7, 26).
Святыя Ян Залатавусны, Рыгор Ніскі, Эпіфан Кіпрскі, Лявон Вялікі і іншыя ўслаўлялі свята Узнясення сваімі пропаведзямі. У IV стагоддзі царыца Алена пабудавала на месцы Узнясення Хрыстова храм у гонар гэтага свята.
Дух богаслужэнняў гэтага свята ў цэлым бадзёры і радасны. Святая Царква цешыцца славай Хрыста-Богачалавека, што сеў праваруч Айца. Ён узнёсся на Неба, каб спаслаць нам Суцяшальніка, Святога Духа, і, як Ён сам кажа, «прыгатаваць нам месца» (Ян 14, 2). “Госпад узьнёсся на Неба, — спяваем у першай вершапесні на вялікай вячэрні Узнясення, —каб паслаць свету Суцяшальніка. Неба падрыхтавала Яму пасад, хмары – Ягоны ўзыход. Анёлы здумеліся, убачыўшы Чалавека вышэй за іх. Айцец прымае Таго, хто быў ва ўлонні Яго спрадвеку; Дух Святы загадвае ўсім анёлам: ”Адчыніце, князі, брамы вашыя!” Усе народы, пляскайце ў далоні, бо Хрыстос узышоў туды, дзе быў перш”.