25 траўня – свята 3-га адшукання пачэснай галавы сьв. Яна ХрысьціцеляАпошні з прарокаў Ян Хрысьціце…

25 траўня – свята 3-га адшукання пачэснай галавы сьв. Яна Хрысьціцеля

Апошні з прарокаў Ян Хрысьціцель, якога таксама называюць Прадвесьнікам, сваім аскетычным ладам жыцьця даў узорны прыклад богапасьвячанага жыцьця. Ён заклікаў людзей да пакаяньня, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага; я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым» (Мк 1, 7-8).

Сьвяты Ян Хрысьціцель быў заўсёды асабліва шанаваны ва Ўсходняй Царкве. Сярод іншых сьвятых ён мае найбольшую пашану — на працягу царкоўнага году ў яго гонар адзначаецца ажно шэсьць памятных дат: сьвята зачацьця Яна Хрысьціцеля, нараджэньня, адсячэньня галавы, першая і другая знаходкі галавы Яна Хрысьціцеля, трэцяя знаходка галавы і Сабор сьв. Яна Хрысьціцеля пасьля сьвята Богазьяўленьня.

Тэтрарх Ірад Антыпа загадаў на просьбу дачкі Ірадыяды Саламеі падчас банкету з нагоды свайго дня нараджэньня адцяць галаву сьв. Яну Хрысьціцелю, які выкрываў яго беззаконьні (Мц 14, 6-12; Мк 6, 25-28).

Першая знаходка галавы Яна Хрысьціцеля адбылася ў IV стагоддзі, другая — у V стагоддзі, а трэцяя – у IX стагоддзі.

Пасьля трэцяга адшукання галаву сьвятога Яна Прадвесьніка і Хрысьціцеля зьмясьцілі ў манастыры сьв. Яна (манастыр Студыён).

У наступных стагоддзях галава сьв. Яна Хрысьціцеля была перанесена ў Канстанцінопаль і падзеленая паміж храмамі. Крыжакі перавезьлі яе ў Ам’ен (1206 г.), але пэўная яе частка, паводле паданьня, дзякуючы грэцкім манахам, трапіла ў Рым у царкву сьв. Сільвестра ін Капітэ (San Silvestro in Capite). Аднак лёс гэтай сьвятой рэліквіі ў цэлым няпэўны, бо галава Яна Хрысьціцеля знаходзіцца таксама нібыта ў Вялікай мячэці Амаядаў у Дамаску (Сірыя).